«Го-го-го, Каза, го-го-го, шэра!» В червенском музее провели обряд «Каляды»

Актуальное Год малой радзімы Культура

«Каляды» набылі папулярнасць у чэрвеньскіх школьнікаў, калі гэты абрад сталі праводзіць у краязнаўчым музеі, запрашаючы на яго дзяцей.

Стала добрай традыцыяй  адзначаць у музеі народныя святы. На  такіх  мерапрыемствах  наведвальнікі  не толькі знаёмяцца з гісторыяй  таго  ці  іншага  абраду, яго  прыкметамі  і  асаблівасцямі,  але  і  маюць магчымасць паўдзельнічаць.

На  Каляды ў музей  прыходзілі вучні з аздараўленчага лагера СШ № 4, вучні  пачатковых  класаў  гімназіі. Кожны знайшоў для сябе штосьці цікавае, пазнавальнае і забаўляльнае.

Пасля тэарэтычнага знаёмства з традыцыяй правядзення Калядаў,  прагляду тэматычных  відэаролікаў, дзеці ператвараліся  ў  сапраўдных  калядоўшчыкаў. Для  гэтага  загадзя  падрыхтаваны святочны  рэквізіт: Калядная  Зорка, карзіна  для Механошы, гармонік  і  бубны  для  музыкаў, традыцыйныя маскі Мядзведзя, Лісы, народныя касцюмы: вопраткі, фартухі, спадніцы, кашулькі, капелюшы. Кожны з дзяцей абавязкова атрымоўваў той ці іншы  атрыбут  свята.  Ну, а супрацоўнікі музея ператвараліся ў галоўных персанажаў — ветлівую гасцінную  Гаспадыню, сур’ёзнага Зорканосца, чароўную Цыганку, і, канешне ж, самую важную персону, сімвал  Калядаў — Казу.  Такая  тэатралізацыя стварала радасны святочны настрой, дазволіла  ўдзельнікам максімальна паглыбіцца ў рэальную атмасферу  народнага абраду. Дзеці  з  задавальненнем спявалі калядныя песні, вадзілі карагоды з “вучонай” Казой, выконвалі  жартаўлівыя заданні і самі загадвалі  Козачцы выканаць тое ці іншае жаданне.

Цікава  праходзіла  народная  гульня  “ Вяселы бубен”, дзе кожны  мог  праявіць  свае  таленты.  А  яшчэ  ў Калядныя святы вельмі ж хочацца паваражыць, і  тут наша абаяльная  Цыганка  прадказвала кожнаму нешта добрае і прыемнае  ў  будучым  годзе.  На  развітанне калядоўшчыкі  дзякавалі  Гаспадыню за дазвол “пакалядаваць”, жадалі   ўсялякага  прыбытку,  дастатку, а ад яе атрымоўвалі традыцыйны калядны пачастунак — салодкія прысмакі. Ну, і канешне ж, фота  на  памяць,  якімі мы дзелімся з вамі.

Такія музейныя мерапрыемствы маюць  вялікае значэнне для падрастаючага пакалення. Гэта не  толькі  забаўляльная, вяселая праграма, але і моцны падмурак для выхавання ў дзяцей цікавасці  да роднай культуры, павагі да сваей гісторыі , шанавання памяці і традыцый свайго народа.

Алена ЗАБАРОНАК, дырэктар раённага краязнаўчага музея.

Фото Алены МАЛЕЦ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *