Зорны год таленавітых: якіх поспехаў дасягнулі выхаванцы Чэрвеньскай школы мастацтваў

Актуальное мы тобой гордимся! Образование

Як прыемна напярэдадні навагодніх святаў атрымліваць доўгачаканыя падарункі! Удвая прыемней, калі гэта ўзнагарода за перамогу ў спаборніцтве, фестывалі альбо конкурсе.

У складаны час барацьбы з пандэмійнай навалай такія мерапрыемствы ўсё часцей праводзяцца ў анлайн фармаце. Але ж гэта не робіць падрыхтоўку да іх менш сур’ёзнай і карпатлівай, а ўдзел менш ганаровым і адказным.

Сёлета вялікіх поспехаў дасягнулі выхаванцы тэатральнага і мастацкага аддзяленняў Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, браўшыя ўдзел у Міжнародным дыстанцыйным творчым конкурсе “Залатая восень”.

У намінацыі “Мастацкае слова” школу прадставіла Эльміра Байрамава (тэатральнае аддзяленне, педагог Вольга Тэбікава). За кранальнае выкананне  верша чэрвеньскага  паэта Генадзя Рымашэўскага “Гронкі рабін” дзяўчынка ўганаравана дыпломам лаўрэата першай ступені.

Нашы юныя мастакі, вучні таленавітага педагога Таццяны Пянкрат, таксама атрымалі ўзнагароды “Залатой восені”. Карына Чарнавец узнагароджана дыпломам лаўрэата першай ступені, Анастасія Сламянец атрымала дыплом трэцяй ступені.

У поўным сэнсе слова “зорным” стаў для вучаніцы мастацкага аддзялення Сафіі Грамыкі і яе педагога Кацярыны Кочавай удзел у ХХІІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе “Пакаленне творчасці”. Ён ладзіўся ў расійскім Екацярынбургу.

Сафія атрымала Гран-пры ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія промыслы”, а яе педагог адзначана Падзячным лістом ад аргкамітэту фестываля за  прафесійнае майстэрства, педагагічны талент, мэтанакіраванасць і карпатлівую працу ў выхаванні дзяцей і моладзі.

…Імкліва бяжыць час. Яшчэ пару дзён – і наступіць новы год, а разам з ім  прыйдуць свежыя ідэі, прыемныя творчыя клопаты, жаданне ствараць штосьці цікавае, прыгожае, непаўторнае… З надыходзячым Новым годам, дарагія калегі і вучні! Здароўя вам, імпэту і творчага плёну!

 

Людміла ДАРАГУЖ, настаўнік тэарэтычных дысцыплін

Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў.

Фота Галіны ПРЫШЫВАЛКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *