Пас у будучыню: у Чэрвені ўшанавалі футбалістаў “Коласа”

Актуальное Общество Спорт

Адразу дзве гучныя перамогі святкавалі ў суботу на ўрачыстасці ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку. Яе героямі былі футбалісты чэрвеньскага “Коласа”, якія сёлета ўпершыню ў гісторыі заваявалі прэстыжныя трафеі – Кубак Мінскай вобласці і Кубак рэгіёнаў Беларусі сярод аматарскіх каманд.

Гэтыя дасягненні адкрылі новую старонку ў летапісе мясцовага футбола, які настойліва і ўпарта рухаўся да прызнання ў раёне, вобласці, краіне, масціў шлях да сэрцаў сталых заўзятараў і тых, хто палюбіў яго міжволі, але раз і назаўсёды.

Сведчанне багатых футбольных традыцыі раёна – шматлікія кубкі, якія сустракалі ўдзельнікаў урачыстасці ў фае Цэнтра культуры і адпачынку. Заваяваныя ў цяжкай барацьбе рознымі пакаленнямі чэрвеньцаў, яны адлюстроўваюць сілу духу спартсменаў, іх прагу да перамогі дзеля роднай зямлі пад гербам з пяццю залатымі пчоламі над сярэбраным кустом кветак.

У зале, каб прывітаць каманду, сабраліся родныя і сябры футбалістаў, заўзятары “Коласа”. І, што асабліва сімвалічна, юныя выхаванцы Чэрвеньскай СДЮШАР, а таксама мясцовыя школьнікі. На гэта, віншуючы ігракоў, звярнуў увагу старшыня райвыканкама Віталь Казлоў.

– Вы заваявалі сёлета кубкі не толькі для сябе, не толькі для раёна, але і для гэтых дзяцей, – сказаў ён. – Вы – жывы прыклад таго, як, дзякуючы настойлівасці і карпатлівай працы, можна дасягаць спартыўных вышынь. Перакананы, што, гледзячы на вас, многія дзеці паставяць сабе мэту ісці наперад і перамагаць.

Віталь Казлоў шчыра прызнаўся, што поспехі “Коласа” прымусілі мясцовую выканаўчую ўладу па іншаму зірнуць на патрэбы каманды і паабяцаў падтрымку, у тым ліку – за кошт прыцягнення спонсараў.

Пачатак быў закладзены ўжо на ўрачыстасці. Галоўны ляснічы Чэрвеньскага лясгаса Віктар Казакоў перадаў прадстаўнікам трэнерскага штаба сертыфікат на набыццё спартыўнай амуніцыі для каманды. А Віталь Казлоў даручыў кіраўніцтву гэтай установы яшчэ больш адчувальна падтрымаць “Колас” у новым сезоне.

За дасягнутыя ж сёлета вынікі Падзякамі старшыні райвыканкама і грашовымі прэміямі адзначылі ўвесь склад каманды – варатароў Аляксандра Курыловіча, Сяргея Нагорскага, Вячаслава Камінскага, абаронцаў Аляксандра Вярэніча, Юрыя Весялова, Міхаіла Кастэнку, Уладзіслава Рубіна, Яўгена Мінянкова, Фарруха Шарыпава, Яўгена Цэдрыка, Іллю Казлоўскага, Аляксандра Даніліка, Мікалая Івашкіна, Мікалая Курбанава, Паўла Бычынскага, Анатоля Шаферава, Андрэя Лапшына, Аляксандра Федарэнкава, паўабаронцаў Максіма Гумінскага, Дзмітрыя Чыстага, Дзяніса Сіманчыка, Яўгена Смаля, Іллю Завадскага, Паўла Клімовіча, Мікалая Гурыновіча, Антона Радзюка, Аляксандра Палешчука, Рамана Бурца, Яраслава Шкурко, Іллю Сарачынскага, нападаючых Дзяніса Трапашку, Ягора Ляшчынскага, Сяргея Лізунова, Іллю Лагуна, Ігара Шмідава, Аляксандра Мрынскага і трэнера Іллю Прытыку.

Капітан “Коласа” Дзмітрый Чысты ад каманды шчыра падзякаваў за падтрымку райвыканкаму, кіраўніцтву Чэрвеньскай СДЮШАР, работнікам стадыёна, балельшчыкам, медыкам, газеце “Раённы веснік”. Разам з Аляксандрам Мрынскім яны ўручылі футбольныя мячы і медалі Віталю Казлову і Віктару Казакову.

Такі ж прэзент атрымаў лепшы балельшчык “Коласа” Андрэй Цехановіч.

Музычныя падарункі футбалістам падрыхтавалі творчыя калектывы ўстаноў адукацыі раёна.

Калі ўрачыстасць скончылася, дзеці і падлеткі яшчэ доўга не адпускалі ігракоў “Коласа”: фатаграфаваліся на памяць, бралі аўтографы.

Падобна, што пас у будучыню атрымаўся дакладным.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *