Гаспадаркі Чэрвеньшчыны працягваюць сяўбу азімых зерневых культур

Аграрный сектор Актуальное

Працяглыя дажджы скарэкціравалі планы земляробаў на сяўбу азімых зерневых культур. Як толькі дазволіла надвор’е, яны зноў выйшлі ў поле. Зараз усе сілы ў гаспадарках Чэрвеньшчыны накіраваныя на тое, каб адсеяцца як мага хутчэй.

Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу 1 кастрычніка, азімыя зерневыя культуры пасеялі ў гаспадарках на 9829 гектарах, што складае 63 працэнты ад неабходнага. У лідарах – эксперыментальная база “Натальеўск”. Тут гэты від работ раніцай 1 кастрычніка быў выкананы ўжо на 86 працэнтах палеткаў. Пры захаванні цяперашніх тэмпаў сяўбы гаспадарка завершыць яе гэтымі выхаднымі.

Падчас нашага наведвання сельгаспрадпрыемства, тут засявалі жытам гатунку “Пралеска” апошняе поле на тэрыторыі вытворчага ўчастка “Дамавіцк” ля вёскі Мяжніца.

Механізатар на сяўбе Сяргей Молчан (злева) і начальнік вытворчага ўчастка «Дамавіцк» Васіль Братчэня

– За тры дзесяцігоддзі працы ў сельскай гаспадарцы не памятаю, каб увосень так доўга ліло: амаль два тыдні з-за дажджоў прастаялі, – кажа начальнік участка Васіль Братчэня. – Нам зусім крыху не хапіла, каб скончыць сеяць да непагадзі. Глеба была падрыхтаваная цалкам, але дождж прыбіў яе так, што давялося зноў рабіць перадпасяўную апрацоўку. На сяўбе працуюць два механізатары: Андрэй Кузьмін на “Джон Дзіры” з  пасяўным агрэгатам “Тэрадрыл” і Сяргей Молчан на “МТЗ-1221” з “СПУ-6”. Абодва шчыруюць у полі да цямна, нават пазней, з уключанымі фарамі, і штодня засяваюць больш чым па 35 гектараў.

Механізатар на сяўбе Андрэй Кузьмін

Як распавёў галоўны аграном эксперыментальнай базы “Натальеўск” Сяргей Бабіновіч, хуткім тэмпам сяўбы ў гаспадарцы спрыяе зладжаная праца механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў. Толькі на пасяўных работах тут задзейнічаюць 11 трактароў. Значны аб’ём работ выконваюць механізатары Руслан Марчанка і Аляксей Клімовіч на “МТЗ-3522” з сеялкай “Лемкен”, якая працуе ў кругласутачным рэжыме. Акрамя таго, 11 адзінак тэхнікі задзейнічана на ўборцы бульбы і 14 – на нарыхтоўцы сіласу з кукурузы.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *