XХVIII Дзень беларускага пісьменства пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае» пройдзе ў Капылі

Актуальное Культура

У Палацы культуры райцэнтра 4 верасня адбудзецца літаратурнае мерапрыемства, якое аб’яднае паэтаў Віцебскага, Гродзенскага, Гомельскага, Брэсцкага абласных аддзяленняў СПБ. У святочных мерапрыемствах прымуць удзел больш за 100 аўтараў. У гэты ж дзень пройдуць навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскія чытанні», а таксама творчы вечар для ўдзельнікаў і гасцей свята ад Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Асноўны дзень свята – 5 верасня. Сярод ключавых мерапрыемстваў – перадача эстафеты гораду Добрушу – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дню беларускага пісьменства.

У Капылі ўстановяць помнік беларускаму пісьменніку Цішку Гартнаму, а таксама прадставяць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сталіцам Дня беларускага пісьменства. Наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў – адкрыццё Алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі, адсканіраваўшы якія, можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі аўтара і азнаёміцца з яго творамі.

На працягу двух дзён традыцыйна будзе працаваць фестываль кнігі і прэсы. Жыхары і госці горада змогуць наведаць тэматычныя павільёны. Адзін з іх мае назву «Памяць» — тут будуць прадстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі, пройдуць сустрэчы з аўтарамі і вучонымі. З выставай выданняў, якія расказваюць аб традыцыях і звычаях Беларусі, можна будзе азнаёміцца ў павільёне «Традыцыі і сучаснасць». Тут жа арганізуюць паказ аўтэнтычнага абраду «Цары», уключанага ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Моладзь атрымае магчымасць прыняць у ім удзел. «Разам з кнігай мы расцём» – тут прэзентуюць літаратуру для дзяцей і падлеткаў, правядуць майстар-класы, віктарыны, гульні.

Асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стане Год народнага адзінства. Цэнтральная пляцоўка «Адзінства» будзе аформлена ў адпаведнасці з зададзенай тэмай, дзе прадставяць выставу газет і часопісаў «17 верасня – Дзень народнага адзінства», падрыхтаваную Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачнецца з Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святынь», якая праходзіць пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. Яна завершыцца 5 верасня ў Капылі.

 Паводле інфармацыі БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *