У Праварным адсвяткавалі дзень вёскі

Актуальное Культура Общество

Пастаянных жыхароў у паселішчы не засталося. Затое ўлетку вёска ажывае, напаўняецца дзіцячымі галасамі: як толькі надыходзіць час адпачынкаў, многія з тых, хто нарадзіўся і вырас тут, спяшаюцца на радзіму.

 

Больш за пяцьдзесят гасцей прыйшлі на падворак Таццяны Ларынай і Уладзімір Плесканёва, каб пабачыцца з сябрамі, суседзямі, сваякамі. Іх прывітала старшыня Валявацкага сельвыканкама Алена Чыканоўская.

– Прыемна сустрэцца з таленавітымі, гасціннымі людзьмі, – адзначыла яна. – Жадаю кожнаму моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і ўтульнасці.

Нашчадкі жыхароў вёскі Праварное з цікавасцю агледзелі выставы вырабаў народных умельцаў і твораў дэкаратыўна прикладнога мастацтва. Для гасцей свята правялі шмат конкурсаў, а потым уручылі пераможцам граматы: “Галоўны знаўца вёскі”, “Галоўны асілак”, “Самая згуртаваная каманда”, “Самы меладычны”, “Лепшы кулінар”, “Лепшы рыбак”, “Лепшы лазеншчык”. Таксама наладзілі жартоўны аўкціён “Купіць ката ў мяшку”. Тыя, каму пашчасціла, набылі “з малатка” матыку, угнаенні, і нават слоік агуркоў.

Свята, вядучымі якога былі Юля Чубянок і Ксенія Юшчанка, дапамаглі арганізаваць работнікі Чарнаградскага сельскага Дома культуры. Музычныя падарункі гасцям уручылі ансамбль народнай песні “Скарбніца” і яго кіраўнік Аляксандр Вавілаў, загадчык Грабёнскага сельскага Дома культуры Анатоль Кеда, Валерыя і Ігар Гарашчукі, група “Кварта”, салісты Чарнаградскага сельскага Дома культуры Марыя Мацак, Ніна Чубянок, Алена Жэбет, Святлана Белякова.

Таксама на свята завіталі чэрвеньскія ратавальнікі. Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Юлія Мурашка распавяла яго ўдзельнікам аб правілах бяспекі і раздала буклеты з напамінамі пра паводзіны ў надзвычайных сітуацыях.

Сярод землякоў панаваў добры настрой. Яны шчыра дзякавалі арганізатарам свята і будавалі планы на наступную сустрэчу.

Алена СНЫТКОВА, загадчык Чарнаградскага сельскага Дома культуры 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *