У Барсуках Чэрвеньскага раёна адзначылі свята вёскі

Актуальное Культура Общество

Падобна таму, як з маленькай іскрынкі разгараецца вялікае вогнішча, так павольна, нерашуча набірала моц свята вёскі ў Барсуках, якое адбылося ў мінулую суботу. Вядучыя мерапрыемства, вучні Руднянскай школы Ульяна Кукліцкая і Міхаіл Лугоўскі, спачатку нясмела павіталі землякоў, але, адчуваючы іх падтрымку і зацікаўленасць, звонка пачалі аповед пра паселішча.

Паводле гістарычнай даведкі, Барсукі – вёска ў Руднянскім сельсавеце, у 32 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі “Смалявічы”. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года, яна значылася ўрочышчам, дзе была адна гаспадарка і 5 жыхароў. У самым пачатку 20 стагоддзя ўжо было 8 жыхароў, а напярэдадні рэвалюцыі – 7 двароў, 32 жыхары. У 1930 годзе тут створылі калгас «Калектывіст». Падчас вайны ў ваколіцах вёскі дзейнічала партызанская брыгада «Разгром». Паблізу паселішча – два археалагічныя помнікі – курганныя магільнікі.

Зараз у Барсуках – 21 двор і 67 пастаянных жыхароў. Але ўсё больш тых, каго выпеставала і выправіла ў вялікі шлях вёска, з цягам часу вяртаюцца да сваіх вытокаў, у бацькоўскія хаты.

Адкрываючы свята, старшыня Руднянскага сельвыканкама Мікалай Нахамчык, сказаў:

– Юнакі і дзяўчаты ў маладосці імкнуцца ўладкавацца і асталявацца ў горадзе, дзе, як яны лічаць, зручней і весялей жыць. Але ўспаміны дзяцінства, жаданне спакою ў сталыя гады прыводзяць чалавека ў родныя мясціны. Хто, як не вы, народжаныя тут, вашы дзеці і ўнукі змогуць надаць вёсачцы новы жыццёвы імпульс. Тым больш, што ў Барсуках зараз жывуць і малыя. А самаму малодшаму, Дзмітрыю Копацю, нядаўна споўнілася два з паловай гады. Мы падрыхтавалі яму падарунак.

Пасля Мікалай Нахамчык вітаў самую старэйшую жыхарку вёскі дзевяностатрохгадовую Ізу Філімонаўну Карнейчык. З 60-годдзем віншавалі землякі Надзею Мікалаеўну Пшанічную, а таксама юбілейную шлюбную пару –  Камілію Іосіфаўну і Віктара Васільевіча Кудзіновічаў. У адзін голас вяскоўцы вызначылі падворак Ірыны Іванаўны Вашкевіч самым квітнеючым.

Паміж ушанаваннем на імправізаванай сцэне і конкурсамі ўдзельнікаў свята радавалі канцэртнымі нумарамі самадзейныя артысты Руднянскага сельскага Дома культуры Іна Ерахавец, Анастасія Копаць, Арцём Брылевіч, Таццяна Найдзіч. Сюрпрызам стала яркае выступленне вакальнага гурта «Шасціснопскія сваякі». Яны так заўзята, магутна, гучна заспявалі беларускія вітальныя песні, што ногі самі кінуліся ў скокі. Падпявалі і прытанцоўвалі ўсе прысутныя. А калі Ігар Гарашчук прапанаваў навучыцца старадаўнім беларускім танцам, то на сярэдзіну пляцоўкі выйшла шмат ахвотных рознага ўзросту. Захапляльна, весела, хаця і зусім не проста было ўлавіць рытм танцаў нашых продкаў. Развучвалі «Нарэчаньку», «Суботу» і «Польку-бабку».

Пасля танчылі пад рэтра-дыскатэку з жывым гукам, якую прадставілі гледачам салісты вакальнага калектыву «Кварта». Да самага вечара гучала ў вёсцы музыка, з радасцю скакалі на надзіманых горках і ласаваліся салодкай ватай дзеці.

Знайшлося на свяце месца і кутку бяспекі. Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Юлія Мурашка нагадала маленькім і дарослым правілах паводзін на пажары і падчас іншых надзвычайных сітуацыях.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *