Футбол: чэрвеньскі “Колас” згуляў на сваім полі ўнічыю з дзяржынскім “Адзінствам”

Актуальное Спорт

Заключны матч групавога этапу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболу сярод каманд другой лігі, які прайшоў на стадыёне СДЮШАР у Чэрвені фактычна быў таварыскім. “Колас” двума турамі раней забяспечыў сабе трэцяе месца ў зоне “Поўнач” і права працягнуць барацьбу за пуцёўку ў фінальную частку чэмпіянату, а “Адзінства” страціла ўсе шанцы ўжо даўно.

Лік у сустрэчы быў адкрыты на першай хвіліне: мяч у вароты гасцей забіў Антон Гурноўскі. “Колас” валодаў тэрытарыяльнай перавагай да сярэдзіны першага тайма, затым гульня выраўнялася. “Адзінства” адыгралася на 42-й хвіліне, аднак за некалькі секунд да свістка на перапынак Мікалай Івашкін зноў вывеў чэрвеньцаў наперад.

У другім тайме больш атакавалі госці. На 55-й хвіліне яны дамагліся поспеху ў другі раз. Нічыйны лік – 2:2 – захаваўся на табло да канца сустрэчы.

Такім чынам, “Колас” у 18 матчах групавога этапу атрымаў 11 перамог, тройчы згуляў унічыю, 4 разы саступіў і з 36 ачкамі заняў трэцяе месца ў зоне “Поўнач” Мінскага дывізіёна.

Сапернік чэрвенцаў, з якім яны разыграюць пуцёўку ў фінальны этап, пакуль не вызначыўся: у зоне “Поўдзень” камандам трэба правесці яшчэ па дзве гульні. Пакуль трэці радок у турнірнай табліцы там займае “Вікторыя” з Мар’інай Горкі. Сярод прэтэндэнтаў на яго таксама – мінскі “Энергетык-БДАТУ”, “Клецк” і стаўбцоўскі “Кронан”.

Але чэрвеньскім аматарам футбола сумаваць не давядзецца. Ужо ў гэтую пятніцу, 3-га верасня, “Колас” згуляе на сваім полі фінальны матч розыгрышу Кубка Мінскай вобласці з “Маладзечна”. Пачатак – у 17.30.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *