Футбол: чэрвеньскі “Колас” саступіў на сваім полі “Уздзе”

Актуальное Спорт

У хатнім матчы чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі з “Уздой” на гульню “Коласа” відавочна паўплывалі  кадравыя праблемы, якія наша каманда мае на працягу амаль усяго другога круга групавога этапу. На сустрэчу з галоўным канкурэнтам за выхад у фінальную частку спаборніцтваў чэрвеньцы здолелі сабраць усяго дванаццаць чалавек. Прычым, адзіную замену давялося выкарыстаць адразу пасля перапынку.

У першым тайме “Колас” хаця і гуляў пераважна ад абароны, але мала ў чым саступаў саперніку. І толькі на 41-й хвіліне гасцям удалося адкрыць лік.

А вось на другі тайм чэрвеньцам проста не хапіла сіл. Доўгія перадачы на Аляксандра Мрынскага, у надзеі на тое, што ён, як гэта неаднойчы было,  адзін перайграе абаронцаў і прымусіць капітуляваць галкіпера, не прынеслі плёну. А ўвесь час адбівацца таксама было цяжка. Як вынік, у нашы вароты, якія абараняў Васіль Далідовіч, уляцела яшчэ чатыры мячы.    

Нягледзячы на буйное паражэнне ад “Узды”, “Колас” не страціў шанцаў прабіцца ў фінальную частку чэмпіянату. Паводле рэгламенту, Міншчына дэлегуе туды пяць прадстаўнікоў: па дзве мацнейшыя каманды зон і адну лепшую трэцюю каманду. Такім чынам, захаванне трэцяга месца ў зоне “Поўнач” дасць чэрвеньцам права згуляць стыкавыя матчы з трэцяй камандай зоны “Поўдзень” за выхад у 1/8 фіналу спаборніцтваў.

Нашым футбалістам засталося правесці на групавым этапе дзве сустрэчы: у бліжэйшую нядзелю на выездзе з “Беразіно” і праз тыдзень – у Чэрвені з дзяржынскім “Адзінствам”. Каб гарантавана застацца на трэцім месцы ў зоне, “Коласу” дастаткова набраць тры ачкі.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *