Футбол: чэрвеньскі “Колас” перамог у гасцях “Беразіно”

Актуальное Спорт

На нядзельны матч чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі з “Беразіно” нашы футбалісты выходзілі ўжо ведаючы, што трэцяе месца ў зоне “Поўнач”, якое дае права пазмагацца за пуцёўку ў фінальны турнір з трэцяй камандай зоны “Поўдзень” ім гарантавана пры любым выніку гульні. Тэарэтычна апярэдзіць “Колас” у барацьбе за гэтую пазіцыю мог “СМІаўтатранс” са Смалявічаў, але ён у суботу саступіў на сваім полі “Маладзечна”.

Чэрвеньцы выправіліся ў Беразіно амаль аптымальным асноўным саставам. Праўда, без аніводнай замены. Гэта, а таксама тая акалічнасць, што бярэзінцы апошнім часам пачалі гуляць відавочна мацней, чым у першай палове чэмпіянату, калі “Колас” на сваім полі ўчыніў ім разгром з лікам 13:0, давала падставы для занепакоенасці. Тым больш, што менавіта гаспадары поля ўжо на 15-й хвіліне сустрэчы адкрылі лік.

Але потым усё стала на свае месцы. На 30-й хвіліне пасля розыгрышу стандарту Дзмітрый Чысты зрабіў выдатны навес у штрафную, і Анатоль Шафераў магутным ударам ледзь не парваў сетку варот “Беразіно” – 1:1.

 

А на зыходзе першай паловы матча сітуацыя паўтарылася: зноў падача Дзмітрыя Чыстага ў штрафную, і Максім Гумінскі б’е без шанцаў для галкіпера – 2:1 на карысць “Коласа”.

 

Другі тайм прайшоў з адчувальнай перавагай чэрвеньцаў. На 70-й хвіліне Аляксандр Мрынскі зарабіў пенальці і сам яго рэалізаваў. Нашы перамаглі – 3:1.

 

Апошні матч групавога этапу чэмпіянату “Колас” згуляе ў нядзелю, 29 жніўня, з дзяржынскім “Адзінствам”. Час пачатку сустрэчы стане вядомым пазней.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *