Футбалісты чэрвеньскага «Коласа» перамаглі «Капыль» у першым паўфінальным матчы Кубка Мінскай вобласці  

Актуальное Спорт

Шлях да кубкавага паўфіналу склаўся для “Коласа” няпроста. Пасля ўпэўненай хатняй перамогі над салігорскім “Партызанам” (2:0) быў цяжкі матч з ім на выездзе. Пад аглушальную падтрымку балельшчыкаў гаспадары поля са стартавым свістком абрынулі шквал атак на вароты чэрвеньцаў і ўжо да шостай хвіліны двойчы засмуцілі Аляксандра Курыловіча. Але на сёмай хвіліне Дзяніс Трапашка з перадачы Рамана Бурца скараціў разрыў у ліку. Да перапынку на полі была роўная барацьба, і толькі ў самым канцы першага тайма “Колас” прапусціў з пенальці.

Увесь другі тайм чэрвеньцы мусілі абараняцца і здолелі ўтрымаць лік 1:3. Гэта дазволіла ім выйсці ў паўфінал па суме дзвюх гульняў, бо пры роўнасці забітых і прапушчаных мячоў вызначальным стаў гасцявы гол нашай каманды.

І вось жараб’ёўка вызначыла наступным сапернікам “Коласа” футбалістаў “Капыля”. Варыянт выглядаў не горшым з магчымых, тым больш, што першы матч нашым давялося гуляць у гасцях, дзе адразу ж можна было рабіць добры падмурак для сустрэчы ў адказ.

Капыль сустрэў дажджом, які ні на хвіліну не супыніўся падчас гульні, і не лепшай якасці газонам. Пасля невялікай разведкі і некалькіх атак гаспадароў поля “Колас” хутка завалодаў ініцыятывай. Ужо на 9-й хвіліне галкіпер капылян сфаліў на Дзянісе Трапашку ў штрафной пляцоўцы. Пенальці ўпэўнена рэалізаваў Раман Бурэц.

“Колас” працягваў штурмаваць вароты “Капыля”, і праз дзевяць хвілін той жа галкіпер сапернікаў груба памыліўся на выхадзе, пазбавіўшы Дзяніса Трапашку магчымасці забіць гол. Вердыкт арбітра – чырвоная картка. Капыляне засталіся гуляць удзесяцёх, замяніўшы палявога іграка на другога варатара. Да перапынку нашы мелі яшчэ некалькі выдатных магчымасцяў павялічыць лік, аднак мяч у вароты не ішоў.

Другі тайм “Колас” пачаў не так актыўна, часткова аддаўшы ініцыятыву “Капылю”. І гэта быў добры тактычны ход: у чэрвеньцаў з’явілася магчымасць лавіць сапернікаў на контратаках. Неўзабаве Дзяніс Трапашка, знаходзячыся ў штрафной пляцоўцы, зрабіў перадачу на Рамана Бурца, і той дакладна прабіў па варотах.

На 60-й хвіліне капыляне адквіталі адзін мяч. Але затым Аляксандр Мрынскі, які выйшаў на замену, зрабіў лік 3:1 на карысць “Коласа”. А на 79-й хвіліне, пасля падачы вуглавога, дэбютант нашай каманды Уладзіслаў Рубін галавой скіраваў мяч у сетку – 4:1.

Канцоўка сустрэчы прайшла пры гульнявай перавазе гаспадароў поля, і ўжо ў дададзеныя да асноўнага часу матчу хвіліны яны здолелі скараціць разрыў у ліку.

Перамога 4:2 дае “Коласу” выдатныя шанцы выйсці ў фінал па суме дзвюх сустрэч. Гульня ў адказ адбудзецца ў Чэрвені 11 жніўня і пачнецца ў 18 гадзін. “Капылю”, каб прадоўжыць барацьбу за кубак, трэба забіваць тройчы і пры гэтым не прапускаць. Але, думаецца, такі сцэнарый развіцця падзей малаверагодны.

У другім паўфінальным матчы розыгрышу Кубка “Маладзечна” ў гасцях не пакінула ніякіх шанцаў “Смалявічам” – 8:0. Такім чынам, першы фіналіст ужо вядомы. Застаецца пажадаць удачы “Коласу”. 

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *