У Дубаўруччы адзначылі свята вёскі

Актуальное Общество

З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў свята звярнулася старшыня Раваніцкага сельвыканкама Вольга Тарасік.

Потым вядучая пагартала старонкі гісторыі вёскі, якая ўпершыню ўзгадваецца ў юрыдычных актах 1724 года як паселішча манастырскага маёнтка Белічаны. У 1910 годзе тут адкрылі земскае народнае вучылішча. Пасля 1917 года яго пераўтварылі ў працоўную школу 1-й ступені. У 1929 годзе ў Дубаўруччы стварылі калгас “1 Мая”. У 1940 годзе вёска налічвала 80 двароў і 275 жыхароў. Сёння ў Дубаўруччы – 29 двароў, 51 пастаянны жыхар і 26 дачных падвор’яў.

У час Вялікай Айчыннай вайны Дубаўручча знаходзілася ў партызанскай зоне, а яго жыхары падтрымлівалі сувязь з партызанскай брыгадай імя Шчорса. 17 лістапада 1942 года гітлераўскія карнікі спалілі вёску і знішчылі 240 яе насельнікаў. У вёсцы Градно і зараз жыве сведка тых жудасных падзей – былая настаўніца Ларыса Міхайлаўна Васько. Пасля вайны паселішча адбудавалі. У 1958 годзе на брацкай магіле паставілі скульптуру смуткуючай жанчыны са сцягам і дзве стэлы з надпісам-прысвячэннем, на якіх выбіты імёны загінулых.  Пасля такіх звестак вельмі кранальна прагучала песня “Отмените войну” ў выкананні самай юнай удзельніцы мастацкай самадзейнасці Раваніцкага сельскага Дома культуры Дашы Ладуцька.

Праграму свята прадоўжыла ўшанаванне самай старэйшай жыхаркі вёскі – Ніны Іванаўны Сапрановіч, якой сёлета споўніўся 91 год. Шчыра віншавалі аднавяскоўцы з 80-гадовым юбілеем Соф’ю Іванаўну Яблонскую, якая вырасціла 5 дзяцей, мае 11 унукаў і 15 праўнукаў. Калісьці яна працавала даяркай у мясцовай гаспадарцы, таму падарункі былі не толькі ад сельвыканкама, але і ад ААТ “Раванічы”. Іх уручыла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства Тамара Цітавец.

Не абышлі на свяце ўвагай і людзей шаноўнага ўзросту, у якіх за плячыма ад 72 да 87 гадоў, багаты вопыт і працоўны стаж. А яшчэ падарункі атрымалі сем’і, якія не адзін дзесятак гадоў ідуць разам па жыццёвым шляху – Мікалай і Кацярына Сушкевічы, Міхаіл і Таццяна Шукан. Яны шмат сіл аддалі працы ў мясцовай гаспадарцы, вырасцілі і выхавалі па трое дзяцей. Віншавалі і самага маленькага жыхара Дубаўручча – гадавалага Арсенія Грыневіча.

Адным з самых кранальных момантаў свята было ўшанаванне воіна-інтэрнацыяналіста Юрыя Шукана. Пад песню ў выкананні Наталлі Гурыновіч ён закружыўся ў вальсе з ўдзельніцай самадзейнасці, а на твары адначасова з’явіліся і ўсмешка, і скупая мужчынская сляза.

Расчуліла прысутных выступленне ўраджэнкі Дубаўручча Тамары Цітавец. Вольга Тарасік падзякавала Галіне Шукан і Наталлі Дзяруга за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі.

Пасля віншавальнай часткі бадзёры настрой ствараў удзельнікам свята ансамбль народнай песні “Крыніца” Раваніцкага сельскага Дома культуры.

Жыхарка вёскі Лілія Бандзік падаравала артыстам ружы і гладыёлусы са свайго падворка. А потым ўсе ласаваліся пачастункамі ад сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, Раваніцкага СДК, стравамі, якія прыгатавалі самі вяскоўцы.

Свята ўдалося. Людзі дзякавалі арганізатарам за светлы дзень у іх будзённым жыцці, жадалі шчаслівага лёсу, багатага заўтра і доўгага веку нашым маленькім вёсачкам і іх жыхарам.

Тамара ІГНАТОВІЧ, удзельніца мастацкай самадзейнасці Раваніцкага сельскага Дома культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *