Сёлетняе спякотнае лета прынесла дадатковыя клопаты хлебаробам. Азімы рапс і азімыя зерневыя культуры паспелі практычна адначасова. І гэтая акалічнасць скарэкціравала ранейшыя планы на жніво.
Для ААТ “Чэрвеньскі райаграсервіс” такая сітуацыя ў пэўнай ступені праблемная, бо гаспадарка мае толькі адзін зернесушыльны комплекс. І пакуль ён задзейнічаны на дапрацоўцы алейнага насення рапсу, збожжа не ачысціш і не высушыш. Але выйсце знайшлі: абмалочанае зерне трыцікале сельгаспрадпрыемства “з колаў” абменьвае на камбікорм.

Уборку рапсу ў райаграсервісе пачалі з найменш ураджайных участкаў. На палетак ля вёскі Лысая Гара вывелі свае камбайны Міхаіл Гатоўка, Яўген Шняк, Павел Сасункевіч і Андрэй Кушнер. Пакуль што рапс дае па 17 цэнтнераў алейнага насення з гектара.


Камбайнеры Андрэй Крыцкі і Мікалай Забайловіч абмалочваюць трыцікале. Плён іх працы можна пабачыць на палетках ля Чэрвеня і Астравоў: тут ужо ўбралі і збажыну, і салому.


– Усяго ў жніве будзе ўдзельнічаць дванаццаць камбайнаў, 10-11 аўтамашын на адвозцы збожжа і 6 прэс-падборшчыкаў, – распавёў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Забаўскі. – Камбайны дзелім на два звяны: адно ўбірае ўраджай у астраўской і грабянецкай зонах, другое – у лядзенскай. Гэта дае магчымасць працаваць больш зладжана і аператыўна. Бо аб’ём работ вельмі вялікі: трэба абмалаціць 750 гектараў рапсу і самую вялікую сярод гаспадарак раёна плошчу зерневых – 4100 гектараў. З рапсам разлічваем справіцца за 7-8 дзён, а збажыну ўбраць за тры з паловай тыдні.