У гаспадарках Чэрвеньшчыны набірае моц жніво

Аграрный сектор Актуальное

Надышоў час, калі ціхі шэпт бурштынавага калосся ўжо не чутны з-за дружнага гулу камбайнаў, а наваколле напоўнена непаўторным пахам спелай збажыны.

    

У эксперыментальнай базе “Натальеўск” фронт жніўных работ расцягнуўся сёння больш, чым на трыццаць кіламетраў – ад Дамавіцка да Амяло. На адным яго флангу ўбіраюць трыцікале, на другім – гарох, пасярэдзіне – азімы рапс.

Для дырэктара гаспадаркі Алены Махнач сёлетняе жніво ў “Натальеўску” – трыццаць другое, але такога, каб практычна адначасова паспелі і алейныя, і зерневыя, і зернебабовыя культуры не было.

Дырэктар гаспадаркі Алена Махнач, галоўны аграном Сяргей Бабіновіч і начальнік участка Васіль Братчэня кантралююць якасць абмалоту збожжа

– Трыцікале і азімую пшаніцу пачалі ўбіраць нават раней за рапс, – распавядае яна. – Паколькі вільготнасць зерня была высокай, каля 30 працэнтаў, вырашылі асвоіць тэхналогію яго драблення. 500 тон здробненага зерня заклалі ў траншэю ў разліку на тое, што атрымаем высакаякасны корм для жывёлы.

Ды і ўвогуле, сітуацыя з адначасовым і хуткаплынным паспяваннем розных культур не заспела нас знянацку, бо маем два зернесушыльныя комплексы. Іх магутнасцяў цалкам хапае, каб паспяваць дапрацоўваць намалочаныя за дзень аб’ёмы алейнага насення рапсу і зерня…

Камбайнер Валерый Шышонак і памочнік камбайнера Мікалай Мурашка ўбіраюць трыцікале
Камбайнер Вячаслаў Гуроўскі задзейнічаны на ўборцы гароху

На жніве ў гаспадарцы працуюць дзесяць камбайнаў: чатыры ўбіраюць зерневыя, пяць – рапс, адзін – гарох. Важны элемент тэхналагічнага ланцужка – своечасовая ўборка саломы пасля абмалоту збажыны. Прасцейшы варыянт – здрабніць і заараць. Але не для “Натальеўска”.

– Мы маем 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, – тлумачыць Алена Махнач. – Патрэба ў саломе на подсціл – 9 тысяч тон. Таму каля васьмідзесяці працэнтаў яе прэсуем у рулоны. Пасля звозкі саломы з палеткаў адразу ж пускаем плугі. Бо, не паспееш азірнуцца, як ужо трэба будзе сеяць азімы рапс.

Як звычайна, у “Натальеўску” стараюцца стварыць максімальна камфортныя ўмовы для працы ўсіх, хто задзейнічаны на жніве. Асаблівая ўвага – харчаванню. Комплекснае палявое меню хлебаробаў самае разнастайнае, з улікам іх пажаданняў. Асабліва падабаецца ўсім у гэтую гарачую пару халаднік. А яшчэ на стале заўсёды ёсць свежыя агуркі і памідоры з агарода гаспадаркі.

Камбайнеры гаспадаркі падчас абеду ў полі

Паводле звестак райсельгасхарчу на раніцу 23 ліпеня, гаспадаркі раёна ўбралі рапс з 3068 гектараў (64 працэнта ад неабходнага) і намалацілі 4793 тоны алейнага насення пры сярэдняй ураджайнасці 16 цэнтнераў з гектара. Зерневыя і зернебабовыя культуры абмалацілі ў сельгаспрадпрыемствах на 2108 гектарах. Гэта – 9 працэнтаў ад плана.  Валавы збор збожжа складае амаль 7 тысяч тон, сярэдняя ўраджайнасць – 28 цэнтнераў з гектара. У лідарах па ўраджайнасці – эксперыментальная база “Натальеўск” і СВФ “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон”. Тут гектар зерневых і зернебабовых дае ў сярэднім па 39 цэнтнераў збожжа.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *