Пакуль мы помнім, мы жывём: на Чэрвеньшчыне пачаліся мерапрыемствы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (фота, відэа)

Актуальное Общество

Мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-й гадавіне вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбыўся сёння на плошчы Свабоды ў Чэрвені ля помніка воінам і партызанам.

Удзел у ім узялі кіраўніцтва райвыканкама, кіраўнікі праваахоўных і вайсковых органаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі ветэранскіх, маладзёжных і грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.

На мітынгу выступіў старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Андрэй Прахарэнка.

Ён, у прыватнасці, сказаў:

– Вялікая Айчынная вайна стала для ўсяго беларускага народа вайною за жыццё, за самаіснаванне нацыі. Вайною за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Гады акупацыі наглядна і жорстка паказалі людзям сапраўдны сэнс такіх паняццяў, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Гэтыя каштоўнасці, якія мы, жыхары сучаснай Беларусі, успрымаем як належнае, маглі быць страчаныя назаўсёды…

З тых часоў змянілася амаль чатыры пакалення беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі нам будучыню, жыве ў нашых сэрцах. Мы свята шануем подзвіг дзядоў і бацькоў. Памяць ваенных падзей – гэта дагледжаныя брацкія магілы і помнікі. Баявыя ўзнагароды, фатаграфіі і лісты з фронту захоўваюць у сем’ях як галоўныя рэліквіі.

Тое, што ў далёкім сорак пятым беларускі народ абараніў сваю незалежнасць са зброяй у руках – сур’ёзны аргумент супраць любога ўмяшання ў жыццё краіны. Але сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў. Наш святы абавязак – перадаць будучым пакаленням мірную, бяспечную і незалежную Беларусь.

У гэты святочны дзень мы заўсёды ўспамінаем савецкую эпоху, якая дала беларусам магчымасць упершыню ў сваёй гісторыі пабудаваць новую незалежную краіну з усімі нацыянальнымі атрыбутамі: беларускімі сцягам, гербам і гімнам. За больш чым 25 гадоў незалежнага развіцця мы здолелі зрабіць краіну стабільнай, цывілізаванай.

Мы дакладна вызначаем задачы і ўпэўнена рухаемся да іх дасягнення: будуем дарогі і дамы, вырошчваем хлеб, лечым людзей, добраўпарадкоўваем населеныя пункты. Кожны з нас датычны да агульнай справы, а разам мы пішам сучасную гісторыю Беларусі і нашай малой радзімы.

Мы ўсе выразна ўсведамляем, што суверэнітэт і незалежнасць – самае дарагое, што ёсць у любога народа, і што яны дорага каштуюць. Мы мірныя людзі і надалей хочам жыць спакойна ў незалежнай краіне пад мірным небам! Але час ставіць нас перад новым выклікам. Выклікам, які выпрабоўвае на трываласць многіх.

Наша краіна ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасці знаходзіцца пад прэсам беспрэцэдэнтнага інфармацыйнага ціску. Наша бяспека і суверэнітэт дзяржавы – пад пагрозай. Эканамічныя санкцыі супраць нашай краіны развязаныя групай заходніх краін менавіта ў Дзень памяці і смутку 22 чэрвеня, калі 80 гадоў таму гітлераўская Нямеччына напала на Савецкі Саюз.

Таму сёння як ніколі раней мы абавязаны захоўваць у сэрцах веліч подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, спыняць спробы перайначыць нашу гісторыю і выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму і любові да нашай Радзімы. Народнае адзінства – адзіны шлях захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны…

Таксама на ўрачыстасці выступіла член маладзёжнага парламента Чэрвеньскага раёна Ірына Дарафейчык.

– У кожнага чалавека ёсць Радзіма, і кожны любіць. Любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Любіць родную прыроду, свой народ. Любіць сваю родную мову і песні свайго народа, казкі, танцы, кнігі … Без Бацькаўшчыны і без свайго народа чалавек не можа жыць,– адзначыла яна. – Напярэдадні свята яшчэ больш усведамляеш, што мірнае неба і незалежнасць нашай краіны – гэта вялікі здабытак нашых продкаў, які мы павінны шанаваць і паважаць.

Пад чарамі вялікай мінуўшчыны нараджаецца прага да пабудовы моцнай будучыні. Любоў чалавека да роднага краю штурхае яго набываць веды, вывучаць яго, працаваць для яго развіцця.

Наша краіна – цудоўная! А наш народ – магутны, мужны, самабытны, працавіты і шчыры. Як прыемна кожны дзень адкрываць для сябе яго таленавітасць і адчуваць ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

Мы, маладое пакаленне, павiнны праславіць сваю малую радзіму плённай працай, сваімі ідэямі, талентамі. Усе мы памнажаем багацце нашай дзяржавы! Што робіць кожны з нас для Бацькаўшчыны? Паважаем і працягваем традыцыі нашых продкаў, вывучаем і захоўваем гісторыка-культурную спадчыну сваёй Радзімы, працуем і за крокам крок набліжаемся да сваёй мары.

Перад маладым пакаленнем ляжыць дарога даўжынею ў жыццё! У нас ёсць жаданне і магчымасць зрабіць гэтае жыццё радасным і цікавым. Мы думаем шырока, пачынаем з малога, а дзейнічаем ужо цяпер! Бо ніхто, акрамя нас, не пабудуе для нашчадкаў надзейнай будучыні – гэта зможам зрабіць толькі мы. Мы крочым наперад і заўсёды дамагаемся поспеху, ідзём да перамогі і перамагаем, бо наш талент, актыўнасць, крэатыў – вялікі скарб нашай краіны.

І кожны з нас імкнецца пакінуць добры след у гісторыі сваёй Бацькаўшчыны. Мы ведаем свае карані і сваё мінулае, а ўзаемаадносіны са сваім народам і ўзаемная падтрымка сілкуе наша будучае.

Гэтыя радкі я напісала напярэдадні і прысвяціла іх нашаму гораду.

 

Любоў да Радзімы з чаго пачынаецца?

З таго, што пачуеш, як птушка пяе,

З таго, што ўбачыш, як сонца ў жніўні

На захад паўзе, за сабою вядзе.

 

Яна пачынаецца з хмаркі, што свеціцца,

З той кроплі, што кветку напоіць расой,

І з тых жаўрукоў, што заўсёды вяртаюцца

Да роднай зямелькі блакітнай вясной.

 

Блакіты азёр, стужкі рэк успамінаюцца,

Бярозы зялёныя ды сіні бор,

Балоты, багатыя ягадай кіслаю,

Жаўценькі пясочак, бы сонца само.

 

Радзіма – што гэта? То горад ды з вёскаю,

Заводы і гмахі вялізных дамоў,

Хацінка з кавалкам зямлі, што засеяна

Пшанічкай і сіняю кветкай ільноў.

 

Радзіма – то слова, што пераліваецца,

Бы птушка-салоўка, бы звонкі ручай.

Пісьменнікаў тысячы, што так стараюцца

Апісваюць мілы, прыгожы наш край.

 

Хацінка, Радзіма, Чэрвень і спадчына,

Я рада, што я нарадзілася тут.

Хачу, каб квітнеў, каб ён рос і багатым быў

Мой Чэрвень, Радзіма і родны мой кут.

Удзельнікі ўрачыстасці схілілі галовы ў тужлівай хвіліне маўчання і ўсклалі кветкі да помніка воінам і партызанам Чэрвеньшчыны.

Мітынгі, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-й гадавіне вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таксама прайшлі сёння ў Смілавічах і ў цэнтрах сельсаветаў.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *