Мова, радзіма, патрыятызм: у Чэрвеньскім райкаме БРСМ — новы першы сакратар

Актуальное Молодежная политика Общество

Як паведамляў “Раённы веснік”, у раённай арганізацыі БРСМ – новы першы сакратар. Наталію Семянюк абралі на пасаду на мінулым тыдні. Раёнка вырашыла пазнаёміць чытачоў з новым маладзёжным лідэрам. Гэта прыгожая дзяўчына і сапраўдны патрыёт сваёй радзімы.

Наталія нарадзілася на Століншчыне,  ў малаяўнічым мястэчку, якое называецца аграгарадок Глінка.

— На жаль, з-за працоўнага графіка я бываю там рэдка, — распавядае Наталія, — але калі прыязджаю дадому адразу з’яўляецца адчуванне таго,што я там, дзе і павінна быць. Мой дом-месца, дзе заўсёды цёпла, па-хатняму ўтульна і спакойна. Гэта месца, дзе мне заўсёды рады і чакаюць. Там мая сям’я і мае блізкія сябры.

Вучылася ў мясцовай сярэдняй школе і яшчэ ў першыя гады вучобы… улюбілася, ды так, што на ўсё жыццё! Толькі не ў каго, а ў што: у прыгожую, сакавітую, мілагучную беларускую мову. 

У школе мне заўсёды падабаліся ўрокі роднай мовы, яе гучанне, а таксама гісторыя нашай краіны. Падчас вучобы я не разумела, чаму мае аднагодкі і старэйшыя людзі саромеюцца размаўляць на роднай мове. Як на мой погляд, то яе, наадварот, трэба падтрымліваць і развіваць, бо гэта наша нацыянальная асаблівасць.

Скончыўшы школу, Наталія вырашыла паступіць вучыцца на настаўніцу, каб прывіваць юнаму пакаленню жаданне больш размаўляць па-беларуску. Такім чынам яна стала студэнткай факультэта беларускай мовы і літаратуры Баранавіцкага ўніверсітэта.

Пасля ВУЗа быў выбар некалькіх месцаў працы, і дзяўчына абрала Чэрвень. Два гады адпрацавала ў Раваніцкай школе, потым уладкавалася педагогам-арганізатарам у Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй. Але, нягледзячы на тое, што Наталіі годна ўдавалася выхоўваць і арганізоўваць моладзь ліцэя, праводзіць шмат разнастайных цікавых мерапрыемстваў і актыўна ўдзельнічаць ў патрыятычным маладзёжным руху, мова вабіла яе. Наталія вырашыла працаваць па спецыяльнасці, стала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Лядзенскай школе.

Цяпер, пасля абрання першым сакратаром БРСМ, у чым яна бачыць сваю мэту і ролю ў жыцці беларускай моладзі?

Мая мэта ў далейшай працы — заахвоціць людзей, дастукацца да кожнага сэрца, кожнага члена нашай арганізацыі, каб стаць сапраўды цікавымі для моладзі. Мы будзем імкнуцца знайсці такія праекты, якія зацікавяць юнакоў і дзяўчат і выклікаюць жаданне ўступіць у БРСМ.

Таксама Наталія Семянюк выказала надзею, што нераўнадушная чэрвеньская моладзь будзе прыходзіць у райкам са сваімі ідэямі і прапановамі:

— Не трэба саромецца альбо баяцца, прыходьце смела, як сябры да сяброў. Прапаноўвайце ўсё, аб чым марыце і чаго жадаеце. Нешта абавязкова разам увасобім у рэальнасць! Ад нас, маладых, залежыць будучыня Радзімы.  Давайце рабіць гэту будучыню прыгожай і дастойнай!

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фото з архіва Наталіі СЕМЯНЮК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *