Гарадок і Малінаўка Чэрвеньскага раёна адгулялі «Свята вёскі»

Актуальное Год малой радзімы Культура Общество

У мінулую суботу адзначалі «Свята вёскі» два невялікіх населеных пункта Лядзенскага сельсавета Чэрвеньскага раёна – Гарадок і Малінаўка.

Знаходзяцца на мяжы Червеньскага, Бярэзінскага і Асіповіцкага раёнаў. Вёсачкі з паэтычнымі назвамі з’віліся задоўга да таго, як прагучалі знакамітыя песні «Верасоў» і Варум: Гарадок – першыя звесткі аб ім датуюцца 18 стагоддзем, непадалёку ад вёскі на беразе ракі Дабрыца захаваўся археалагічны помнік гарадзішча ранняга жалезнага веку; Малінаўка — першыя ўспаміны аб ёй адносяцца да пачатку 20 стагоддзя. Паводле перапісу 1917 года, як распавядае раённая кніга «Памяць», у Гарадку было 12 двароў і 99 жыхароў, а ў Малінаўцы – 2 двары і 10 жыхароў. У час Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі вёсак дзейнічалі партызаны брагады «Чырвоны Сцяг».

На працягу ўсяго мінулага стагоддзя колькасць насельнікаў вар’іравалася, але не перавышала сотню. Вядома, што ў 1997 годзе у Гарадку і ў Малінаўцы было па 9 двароў і 12 жыхароў, а ў 2000-м – 5 двароў і 7 жыхароў у Гарадку, у Малінаўцы — 2 двары, 2 жыхара, у 2015 – 3 двары і 3 жыхары (Гарадок), 1 двор і 1 жыхар (Малинаўка). Цяпер пастаянна і ў адной, і ў другой вёсачках зімуе па аднаму чалавеку. Але ажываюць яны разам з прыродай веснавою парою. Пасля зімы спяшаюцца сюды былыя іх дзеці, для якіх гэты куточак Чэрвеньшчыны на ўсё жыццё застаўся самым любым і жаданым, бо тут прайшло дзяцінства, тут песцілі бацькі, тут былі першыя сябры і каханне. Дзіўна тое, што былыя жыхары Гарадка і Малінаўкі, іх шматлікія дзеці і ўнукі не забываюцца пра малую радзіму і кожны год прыязджаюць, каб праведаць мясціны, пабавіць час, пасадзіць гародніну, падыхаць ні з чым не параўнальным паветрам успамінаў. Жадаючы арганізавана сустрэцца з сябрамі дзяцінства, былымі суседзямі, іх дзецьмі і ўнукамі, звярнуліся яны да старшыні Лядзенскага сельсавета Алены Гамеза з прапановай правесці агульнае свята вёсак. Пажадана – зроблена. А 12 гадзіне на ўскрайку Гарадка ладзілі забаўляльную праграму. Ад мясцовай улады былі пачастункі – асвяжальны морс, бутэрброды, каша, катлеты, выпечка.

Культарганізатар горкаўскага Дома фальклору Ірына Логвін цудоўнымі беларускімі вершамі распачала свята. Алена Гамеза, вітаючы землякоў сказала:

-Вашы продкі на працягу многіх гадоў жылі тут сваімі клопатамі, у цяжкай працы здабывалі хлеб, адзначалі святы, радаваліся ўраджаю, гулялі вяселлі, аплаквалі памерлых. Стараліся захаваць для вас маленькую радзіму. Цяпер — ваша чарга клапаціцца аб тым, каб вёскі жылі, каб тут гучала гаворка і дзіцячы смех.

Усе — Даноўскія

Самы актыўны з нашчадкаў жыхароў Гарадка Аляксандр Даноўскі з Салігорска, дзякуючы арганізатарам за свята, прызваў на цэнтр пляцоўкі прадстаўнікой фаміліі Даноўскіх. Калісьці ўсе, хто тут жыў, мелі такое прозвішча. Напэўна былі сваякамі. Сёння ж шматлікія дзеці і ўнукі, завітаўшыя на свята, са здзіўленнем аглядваліся адзін на аднаго. Кагорта Даноўскіх апынулась не маленькай.

Даноўскія Аляксандр і Валянціна — родныя брат з сястрой. Нарадзіліся ў Гарадку, пачатковую школу скончылі ў Малінаўцы, да дзясятага класа вучыліся ў Рэчках, потым – у Лядах. Хадзіць пешшу даводзілася вучням шмат. Можа таму такія дружныя і лёгкія на пад’ём. Калі прабегла вестка па земляках аб свяце, то ўсе адразу згадзіліся і хутка сабраліся.

-Цяпер прывозім сюды ўнукаў, каб яны ведалі адкуль пайшоў наш род, каб пасля нас наведвалі гэтыя мясціны і дарагія магілы, — разважна сказаў Аляксандр.

Яшчэ адзін са шматлікіх галінак роду Даноўскіх – Эдуард Францавіч. Яго бацькі ўсё сваё жыццё пражылі ў Гарадку, выгадавалі шасцёра дзяцей: чатырох дачок і двух сыноў. Старэйшая сястра жыве на Нарачы, брат Аляксандр і сястра Алена – у Мінску, а Валю і Лілю закінуў лёс у Архангельск, куды ў свой час паехаў і Эдуард. Там закончыў марское вучылішча, служыў у марфлоце. Пасля завяршэння службы вярнуўся у родную вёсачку, завёў гаспадарку, каня. Аднавяскоўцы і жыхары суседніх вёсак ўдзячныя яму за дапамогу: каму ўзараць, каму пасеяць, каму дошку распілаваць – усё можа майстар. На свяце пад гучныя апладысменты Алена Гамеза ўручыла яму падарунак ад сельсавета і лялечнага коніка, як сімвал захаплення вяскоўца.

А потым пад тужлівую кранальную беларускую песню ўспомнілі землякі прозвішчы тых, хто жыў у гэтых мястэчках: Гарадок – сем’і Даноўскіх, Забаронак, Сляпіца, Паўлюшчык, Русецкіх. Шыдлоўскіх; Малінаўка – Сем’і Бэсман, Гараўскіх, Лойка, Асадчых, Тоўсцікаў.

Сям’я Гараўскіх з Малінаўкі

Як прадаўжэнне шчымлівай хвіліны, Алена Дзмітрыеўна запрасіла выстраіцца ў шэраг па яе левую руку нашчадкаў Гарадка, а па правую – Малінаўкі.

Падчас падзей свята музычныя нумары гучалі ад Анатолія Кеда з Грабёнскага сельскага Дома культуры, а таксама суседзяў – вакальнага калектыву “Рэчанька” Косаўскага СДК Бярэзінскага раёна. Сярод землякоў панаваў добры настрой, добразычлівасць і спагада. Усе дружна заявілі: “Будзем чакаць наступнай сустрэчы”.

Галіна ГАМЕЗА. Фото аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *