Футбол: чэрвеньскі “Колас” перамог у першым чвэрцьфінальным матчы Кубка вобласці

Актуальное Спорт

Салігорскі “Партызан” – адна з найбольш моцных каманд сярод тых, што, паводле жараб’ёўкі, маглі трапіць у сапернікі “Коласу” на стадыі 1/4 фіналу розыгрышу Кубка Мінскай вобласці. Дружына, якую зараз узначальвае вядомы беларускі футбаліст Мікалай Януш, на працягу апошніх гадоў, мяняючы назвы, паспяхова выступала і ў гэтых спаборніцтвах, і ў чэмпіянаце вобласці. А сёлета салігарчане – сярод лідараў зоны “Поўдзень” Мінскага дывізіёна чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі.

Але і ў “Коласа” адмыслова для кубкавых баталій сабраўся моцны, згуртаваны, баяздольны калектыў. Што і даказалі нашы футбалісты ў першым чвэрцьфінальным матчы з “Партызанам”, які адбыўся вечарам у сераду на стадыёне СДЮШАР у Чэрвені.

Варта меркаваць, што балельшчыкам гульня спадабалася, бо абедзве каманды, прынамсі ў першы тайме, асабліва не адседжваліся ў абароне, а шукалі шчасця ля чужых варот. Ігракі “Коласа” знайшлі яго ўжо на 18-й хвіліне сустрэчы. Яраслаў Шкурко зрабіў выдатную перадачу на Дзяніса Сімончыка і той перайграў галкіпера гасцей – 1:0.

У пачатку другога тайма трэнерскі штаб чэрвеньцаў выкарыстаў галоўную “зброю” каманды – на поле выйшаў лепшы бамбардзір апошніх гадоў Аляксандр Мрынскі. Усе чакалі ад яго забітага мяча. Але Аляксандр, што здараецца не так часта, замест дакладнага ўдару па варотах зрабіў выніковую перадачу на Ілью Завадскага, і лік стаў 2:0.

Такія лічбы пратрымаліся на табло да фінальнага свістка. А гэта значыць, што “Колас” выправіцца праз тыдзень на паўторны матч у Салігорск з аптымізмам і неблагімі шанцамі на выхад у паўфінал па суме дзвюх сустрэч. Галоўнае, не разгубіць у гасцях здабытую дома перавагу.     



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *