Цікава адпачываюць у аздараўленчым лагеры «Тэрыторыя лета»

Актуальное Год малой радзімы Образование

Выхаванцы дзіцячага аздараўленчага лагера “Тэрыторыя лета” пры Хутарскай сярэдняй школе вырашылі праверыць свае фізічныя магчымасці ў турыстычным паходзе. Паколькі маршрут з вёскі Ведрыца да крыніцы Галкоўскага пралягаў праз Гарадзішча, была магчымасць набыць яшчэ і краязнаўчыя веды пра гісторыка-культурную каштоўнасць, вядомую з VI стагоддзя да нашай эры.

У цёплы чэрвеньскі дзень дваццаць восем выхаванцаў з заплечнікамі і кепкамі на галовах скіраваліся ў няблізкі шлях. Лясная дарога была звілістай, з мурашнікамі збоку, акаймаваная хвоямі, бярозамі, арэшнікам і ельнікам. Пасля агляду Гарадзішча юныя вандроўнікі накіраваліся да крыніцы Галкоўскага, якая мае статус помніка прыроды мясцовага значэння.

Спыніліся на стромкім беразе рэчкі Уса. Пачысцілі тэрыторыю ад ламачча, паставілі палаткі, распалілі вогнішча. Але не кінуліся адпачываць адразу! Схіл да ракі быў круты, ісці  да крыніцы было немагчыма: можна было спаткнуцца і пакаціцца ўніз.

Перш за ўсё, зрабілі прыступкі, каб трывала сыходзіць, потым балотную дрыгву заслалі тонкім бярвеннем, расставілі перад крынічкай драўляныя калоды, каб можна было прысесці, і… пачалі піць найчысцейшую сцюдзёную ваду. О, якая гэта смаката! Усім спадабалася! А яшчэ была печаная бульба, смажанае сала, хлеб і зноў… крынічная вада! А колькі сэлфі на фоне прыгожых рачных мясцін мы зрабілі!

Наладзіць паход выхаванцам дапамаглі кіраўнік лагера Валерый Захараў, настаўнікі Аляксандр Няхай, Пётр Дмухоўскі, Валянціна Дзенісевіч, работнікі школьнай сталовай.  Іх удзел дапамог стварыць выхаванцам “Тэрыторыі лета” пазітыўны настрой і абудзіць жаданне паўтарыць вандроўку яшчэ раз.

Валерый ЗАХАРАЎ, вёска Ведрыца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *