ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” запрашае гледачоў

Актуальное Культура Общество

Сёлетняя падзея прысвечана юбілейнай даце – дваццатаму Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, і будзе радаваць жыхароў і гасцей горада насычанай святочнай праграмай 11 і 12 чэрвеня. Тэма юбілейнай даты знойдзе сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах розных жанраў і накірункаў, цікавых і захапляльных пляцоўках. 

Першы фестывальны дзень пачнецца з падарожжа па старонках фестывальнай гісторыі, якое адбудзецца ў 10 гадзін у выставачным фае Палаца культуры падчас адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”. У 10.30 у канцэртнай зале пачнецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У 15 гадзін ён прадоўжыцца ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

У 12 гадзін Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” запросіць на спектакль “Казкі з куфэрка”. А Мінскі абласны  краязнаўчы  музей у 12.30 прывітае гасцей і жыхароў горада на персанальнай выставе “Спявак  культуры края” скульптара, уражэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага. 

Душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” арганізуе ў гэтым годзе творчую сустрэчу з народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной. Мерапрыемства  адбудзецца ў 15.00 у малой зале Палаца культуры.

У 17 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе спектакль “На другі дзень сёмухі”.

Урачыстае адкрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі  “Маладзечна – 2021” традыцыйна пройдзе на сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30.  Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Жыхароў і гасцей горада чакае прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечанага творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Завяршэннем першага святочнага дня стане яркі феерверк.

Другі дзень фестывалю пачнецца ў 10.30 з канцэрта акадэмічнай музыкі “У гонар беларускай музычнай будучыні” у канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ. У 11 гадзін Мінскі абласны драматычны тэатр запросіць усіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Проста Мяфа”.

Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”, які пачнецца ў 11.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

У 14.00 заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры ў аўтарскім праекце “Суразмоўцы” тэлеканала “Беларусь 3”. Мерапрыемства адбудзецца ў зале ўрачыстасцяў Палаца культуры.

Канцэртная зала музычнага каледжа імя М.К.Агінскага запросіць у 15 гадзін на творчы праект “Сімфанічная рапсодыя”. Малая зала Палаца культуры ў 16.00 прапануе аматарам літаратурнага і музычнага мастацтва сустрэчу ў музычна-паэтычнай гасцёўні “Святло Радзімы. Радасць Перамогі” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. У 17 гадзін у канцэртнай зале Палаца культуры пачнецца спектакль “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” пройдзе у летнім Амфітэатры. Пачатак – у  21.30. Гледачы змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Маладзечна – насустрач шлягерам” з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.

Адметным  падарункам трэцяга дня фестывалю стане канцэрт “Прысвячэнне песняру” Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ў зале Палаца культуры. Праграма пачнецца ў 18 гадзін і будзе прысвечана 80-годдзю заснавальніка ансамбля народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.

Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:

  • Аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох”.

(Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 13.00);

  • Канцэртная праграма “Музыка беларускіх кампазітараў” народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

(Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 16.00);

  • тэлеперадача “У аб’ектыве” з удзелам творчых асоб Беларусі. (Тэлепраграма “МКТБ” – 11 чэрвеня, 17.00);
  • канцэрт беларускай духоўнай музыкі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў выкананні харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў.

(Касцёл Святога Юзафа – 11 чэрвеня, 18.00) ;

  • новая канцэртная праграма ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны   артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.

(Чысцінскі сельскі дом культуры – 12 чэрвеня, 17.00).

Напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць прасачыць гісторыю культурнага мерапрыемства (з 1993 года), успомніць, як усё пачыналася. Уздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец будзе прадстаўлены арт-праект “Фестывальны шлях”,  дзе адлюстраваны яскравыя моманты і падзеі творчага фэсту. З мэтай папулярызацыі беларускага слова, знаёмства насельніцтва з роднай мовай, з паэзіяй паэтаў-класікаў і сучасных творцаў разгорнецца праект “Роднае слова”.

На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”.

Багатая на культурныя мерапрыемствы праграма зможа задаволіць густы кожнага госця фестывалю.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *