У гармоніі з прыродай: Еўразійская мастацкая садружнасць і Чэрвеньскі лясгас наладзілі пленэр

Актуальное Культура Общество

На працягу пяці дзён на Чэрвеньшчыне праходзіў мастацкі пленэр “Чатыры сезоны. Вясна-2021”. Сяброў міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўразійская мастацкая садружнасць” гасцінна прыняў Дом паляўнічага Чэрвеньскага лясгаса ў Навадвор’і. На ўлонні прыроды мастакі стварылі некалькі дзясяткаў карцін і эцюдаў.

Гісторыя пленэраў “Чатыры сезоны”, якія ладзіць Еўразійская мастацкая садружнасць, бярэ пачатак у недалёкім мінулым. Гэты праект мастакі пачалі рэалізоўваць летась.

– Першы пленэр мы правялі восенню на тэрыторыі Смалявіцкага лясгаса, – распавядае старшыня  Еўразійскай мастацкай садружнасці, мастачка са Смалявічаў Юлія Нявейка. – Яго кіраўніцтва вельмі прыязна паставілася да праекту. Дырэктар лясгаса Андрэй Пышны сказаў “Прыязджайце да нас хоць кожны сезон”. І мы падумалі, чаму б не ладзіць пленэры не толькі летам, што не рэдкасць, але і ў астатнія поры году. Так нарадзілася назва – “Чатыры сезоны”. Узімку зноў працавалі на Смалявіччыне, а зараз прыехалі ў ваш раён.

Вельмі прыемна, што і дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй Галкоўскі нас падтрымаў. У Доме паляўнічага – выдатныя ўмовы і для творчасці, і для адпачынку. Ёсць утульныя спальныя пакоі, прасторная альтанка, лазня. Мы варылі юшку з вылаўленай у тутэйшай сажалцы рыбы, смажылі шашлыкі. А на творчасць натхнялі непаўторныя мясцовыя краявіды. З надвор’ем таксама пашчасціла: толькі адзін дзень ішоў дождж, але ён нам не перашкодзіў…

Па выніках пленэру мастакі зладзілі ў альтанцы невялікую выставу сваіх работ. Дзевяць з іх, па адной ад кожнага творцы, а таксам мастацкі выраб для ўпрыгажэння інтэр’еру ад скульптара і майстра па працы з металам Уладзіміра Каноніка перадалі лясгасу. Галоўны ляснічы гаспадаркі Віктар Казакоў шчыра падзякаваў удзельнікам пленэру і ўручыў ім памятныя Дыпломы.

Напрыканцы мастакі коратка распавялі “Раённаму весніку” пра свае карціны, якія назаўсёды застануцца ў лясгасе, і падзяліліся ўражаннямі.

Юлія Нявейка:

– Падчас пленэру мы наведаліся ў Раванічы, дзе знаходзіцца сядзіба Слатвінскіх – адзін з брэндаў чэрвеньскай зямлі. Вельмі шкада, што палац —  у такім незайздросным стане. Зараз у Беларусі шмат дзе падобныя сядзібы адраджаюць. Спадзяюся, што так будзе і з гэтым гістарычным помнікам. Менавіта таму адлюстравала яго на сваёй карціне з дахам і без драўлянай агароджы.

Леанід Гоманаў, сябра Саюза мастакоў Беларусі, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва, г.Мінск:

– Я намаляваў старое зламанае дрэва, якое стаіць непадалёк ад Дома паляўнічага. Яго пароду вызначыць ужо цяжка, хутчэй за ўсё – ясень. У гэтым дрэве я ўбачыў падабенства з жыццём чалавека, якое, як і жыццё дрэва, не заўсёды бывае гладкім.

Уражанні ад адпачынку самыя цудоўныя. Тут ціха, вельмі добра спіцца. Вада ў сажалцы забірае ўсю адмоўную энергію, застаюцца чыстыя, светлыя эмоцыі.

Віктар Данілаў, педагог і жывапісец, г.Заслаўе:

– Самая шчыры словы падзякі за трапяткое стаўленне да мастакоў – кіраўніцтву лясгаса. Кажуць, мастака можа пакрыўдзіць кожны. Але гэтак жа кожны можа і дапамагчы. Усё, што робяць мастакі, застаецца людзям: і карціны, і эскізы, і вучні. Незабыўныя ўражанні засталіся не толькі ад працы на пленэры, але і ад цудоўных экскурсій у музеі Чэрвеня, Смілавічаў і паездкі на Сем крыніц.

Карціна, якую я намаляваў для лясгаса – два дрэвы на фоне чырвонага заходу сонца, нібыта Ён і Яна. Яны сімвалізуюць надзею на шчаслівае заўтра.

Таццяна Лук’ян, мастачка, г.Ліда:

– Вельмі прыемна было працаваць у цішыні, на ўлонні спрадвечнай прыроды. Мая карціна мае назву “Калі спяваюць салаўі”. А яны тут спяваюць так, што не трэба ніякай музыкі. Хочацца абавязкова сюды яшчэ вярнуцца.

Віктар Лук’ян, мастак-педагог, г.Ліда:

– Цёплы прыём, прыгожыя мясціны… На памяць пра пленэр пакінуў тут вячэрні пейзаж, які маляваў за старыцай, што ўпадае ў сажалку.

Наталля Антонава, мастачка, г.Жодзіна:

– Пад уражаннем дзікай прыроды я намалявала карціну ”Калужніца”. Гэта куст ярка-жоўтых кветак сярод вады. Вельмі спадабаліся экскурсіі, якія нам наладзілі. Шмат чаго новага з багатай гісторыі тутэйшых мясцін даведалася.

Ала Кушнер, мастак-канструктар, г.Мінск:

– Уражанні самыя найлепшыя. Мая карціна – “Хатка бабра”. Калі пачынала яе маляваць, не ведала, што яны тут ёсць. Але потым да мяне прыплыў сапраўдны бабёр. Цікава было назіраць за ім. Ды і адлюстраванне ў вадзе дрэў, карчоў – гэта проста цуд.

Аляксандр Буйкевіч, мастак-педагог, г.Ліда:

– Я намаляваў сонечныя бярозкі з маладым, пяшчотным, сакавітым лісцейкам. Сонца – гэта шчасце.

Уладзімір Шчадрын, мастак, архітэктар, г.Мінск:

– Мая карціна называецца “Вярба ля вады”. На ёй адлюстравана старое, з багатай, як і ў гэтай мясцовасці, гісторыяй. Нягледзячы ні на што, штовесну яно зноў і зноў квітнее. З вандровак найбольш запала ў душу паездка ў музей Станіслава Манюшкі, што ў Смілавічах, выдатны расповед тамтэйшага экскурсавода.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара і Віктара ДАНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *