Да ўлады – з даверам: памочнік Прэзідэнта – інспектар па Мінскай вобласці Аляксандр Бутараў правёў выязны прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў Чэрвені

Актуальное Власть Общество

На асабісты прыём да Аляксандра Бутарава ў будынак райвыканкама завіталі дзевяць чалавек. Пераважная большасць акрэсленых імі пытанняў тычылася штодзённага побыту.

Жыхар Новых Зелянкоў Аляксандр Калеснікаў і яго аднавяскоўцы маюць патрэбу ў электраацяпленні прыватных дамоў.

– 16 чалавек аформілі неабходныя дакументы, яшчэ 22 займаюцца іх падрыхтоўкай, – распавёў ён. – Гэта пераважна людзі сталага веку, якім ужо цяжка нарыхтоўваць дровы. Аднак нам адмаўляюць з-за, нібыта, малой магутнасці мясцовай падстанцыі. Цікавіліся мы і магчымасцю газіфікацыі, каб у Новыя Зелянкі падвялі газ з суседняй Грабёнкі. Але газавікі сказалі, што гэта бесперспектыўна: адлегласць значная, а спажыўцоў няшмат.

Як растлумачыў галоўны інжынер раённых электрасетак Мікалай Суша, для таго, каб новазелянкоўцы маглі ацяпляцца электрычнасцю, неабходна мадэрнізаваць там электралініі, якія былі пабудаваныя амаль паўстагоддзя таму. У зацверджаны аблвыканкамам план рэканструкцыі на 2021-2025 гады вёска Новыя Зелянкі не трапіла.

– Гэтае пытанне трэба вывучыць больш глыбока, – рэзюмаваў Аляксандр Бутараў. – Карэкціраваць ужо сфарміраваную праграму складана. Але, магчыма, і атрымаецца зрабіць рэканструкцыю электрасетак у вашай вёсцы да 2025 года. Калі ж не атрымаецца, буду хадайнічаць перад Мінскэнерга, каб Новыя Зелянкі ўключылі ў праграму на 2026-2030 гады.

З клопатам пра ацяпленне прыйшоў на прыём да памочніка Прэзідэнта і вайсковы пенсіянер з Чэрвеня, інвалід другой групы Эрнэст Вяржынскі. Ён распавёў, што на зіму набывае каля пяці кубаметраў дроў па 154 рублі. Калі зіма марозная, то трэба заказваць яшчэ машыну паліва, але за яе неабходна аддаць ужо амаль удвая больш грошай.

– Эрнэст Збігневіч сапраўды мае магчымасць купляць належны яму аб’ём дроў па 154 рублі, з улікам льгот, – растлумачыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Калтовіч. – Гэта – фіксаваны кошт. Усё, што звыш нормы, можна набыць толькі па камерцыйнаму кошту – 290 рублёў.

Аляксандр Бутараў паабяцаў дэталёва разабрацца ў сітуацыі. І адначасова прапанаваў раённым уладам адзін з варыянтаў яе вырашэння:

– Ёсць моладзь, ёсць валанцёрскі рух. А ў раёне працуюць прыватныя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, у якіх ёсць абрэзкі. Можна папрасіць, каб іх на дабрачыннай аснове прывезлі Эрнэсту Збігневічу, як інваліду другой групы, а валанцёры б парэзалі і склалі. Так можна падтрымаць дадатковым палівам і іншых найменш сацыяльна абароненых людзей.

– Я не адмоўлюся ад такой дапамогі, – сказаў пенсіянер.

З просьбай выратаваць ад затаплення звярнуліся да Аляксандра Бутарава жыхары 2-га Някрасаўскага завулка ў Чэрвені Ніна Філіпчонак і Валянцін Кобзеў. Тут падчас веснавой паводкі ці моцных дажджоў на скрыжаванні ўтвараецца суцэльнае возера: вада сцякае з некалькіх суседніх вуліц. Больш за тое, яна трапляе на прысядзібныя ўчасткі і забалочвае іх. На адным нават вырас чарот.

Як патлумачыў старшыня райвыканкама Віталь Казлоў, затапленне нізінных участкаў характэрнае для горада, і шмат дзе праблему вырашылі некалькі гадоў таму, пачысціўшы і пашырыўшы існуючыя сцёкавыя каналы. Ён запэўніў, што на працягу бліжэйшых двух месяцаў такі канал абсталююць і на 2-ім Някрасаўскім завулку.

Цэлая дыскусія разгарнулася падчас прыёму па праблеме, якую ўзняў жыхар вёскі Горкаўская Слабада Ігар Блізнюк. У гэтым, як і ў іншых населеных пунктах Лядзенскага сельсавета, з 1 красавіка да 1 верасня адключаюць начное асвятленне вуліц. На думку мужчыны, так нельга: вёска не горшая за горад. У дадатак ён прывёў у прыклад ён прывёў замежныя краіны, у якіх часта бывае, бо працуе вадзіцелем-міжнароднікам. Там вуліцы асвятляюцца ўсю ноч.

Аляксандр Бутараў з разуменнем паставіўся да ўзнятага пытання ў прынцыпе. Аднак прапанаваў падумаць: ці ёсць у начным асвятленні вёскі вострая неабходнасць, і ці не лепш выдаткаваць зэканомленыя на ім грошы на іншыя, больш важныя патрэбы. Памочнік Прэзідэнта даручыў мясцовым уладам правесці сход з вяскоўцамі, каб кожны выказаў наконт гэтага сваё меркаванне, а потым прыняць тое ці іншае рашэнне.

Каментуючы вынікі прыёму Аляксандр Бутараў зазначыў:

– Прыемна, што людзі прыходзяць. Значыць, яны давяраюць уладзе і ўсведамляюць, што ўлада здольная вырашаць іх праблемы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *