Золата запольскіх “рагнедак”: камандзе дзяўчат Чэрвеньскай СДЮШАР уручылі ўзнагароды рэспубліканскага турніру

Актуальное Спорт

Здаецца, учора гэта было… Раніцай 6 красавіка 2019 года каманда Чэрвеньскай СДЮШАР, пераважную большасць якой складалі вучаніцы Запольскай школы, выправіліся ў горад Жлобін, каб дэбютаваць у рэспубліканскім турніры «Футбольная ліга дзяўчат» сярод спартсменак 2006-2008 гадоў нараджэння. 

Старт атрымаўся ўдалым: нашы футбалісткі перамаглі равесніц з Бабруйска – 3:0 і Жыткавічаў – 1:0. А ў выніку, саступіўшы толькі ў адной з дванаццаці гульняў турніру і прапусціўшы адзіны мяч ад каманды Светлагорска, занялі другое месца ў дывізіёне «Рагнедка». Сезон 2020 года склаўся для выхаванак трэнера Максіма Шалабнёва яшчэ больш удала. Не прайграўшы ніводнага матча, яны сталі першымі ў дывізіёне “Рагнедка” і заваявалі пуцёўку ў фінал «Футбольнай лігі дзяўчат», дзе занялі дзявятае месца.

І вось днямі нашу дзявочую каманду ўшаноўвалі за перамогу ў групавым турніры. Узнагароды прывёз у Запольскую школу рэгіянальны менеджэр асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” па Мінскай вобласці Ігар Кандрацьеў. – Вынік, якога вы дасягнулі гульнёй, пры самаадданасці трэнера, падтрымцы бацькоў, кіраўніцтва школы, настаўнікаў, узняў вашу школу на недасягальны ўзровень для большасці школ не толькі вобласці, але і краіны, – адзначыў ён, звяртаючыся да каманды. – Вы паказалі цудоўны прыклад іншым: калі шчыра і шмат працаваць, то можна браць любыя вышыні.

Залатыя медалі і Дыпломы ўручылі вучаніцам Запольскай школы Аксінні Пірштук, Алесі Чэрнік, Аліне Ласоўскай, Вераніцы Кудлянковай, Лізавеце Бельчанка, Дар’і Івановай, Дар’і Ермаковіч, Дар’і Сушчык, Вікторыі Ермаковіч, Зінаідзе Пецека, Ксеніі Галецкай і вучаніцы СШ №2 Смілавічаў Анастасіі Каваленка. Уладальніцамі статуэтак у асабістых намінацыях сталі Алеся Чэрнік (лепшы варатар), Аксіння Пірштук (лепшы абаронца) і Дар’я Ермаковіч (лепшы нападаючы). А школьны пакой спартыўнай славы папоўніўся камандным Кубкам.

Як прызналася капітан каманды Дар’я Ермаковіч, для дзяўчат стала прыемнай нечаканасцю тое, што на іх ушанаванне збярэцца ўся школа. А галоўным складнікам поспеху, на яе думку, была згуртаванасць і ўзаемападтрымка ў калектыве.

Адзначаючы трэнерскі талент Максіма Шалабнёва, дырэктар школы Андрэй Гантарэнка не прамінуў прыгадаць і яшчэ аднаго чалавека, які шмат зрабіў для агульнай перамогі – настаўніка фізічнай культуры Валерыя Лухверчыка. Менавіта ён змалку заахвочвае вучняў да заняткаў спортам.

Падчас узнагароджання Максім Шалабнёў напачатку сціпла “схваўся” ў натоўпе школьнікаў, якія сабраліся на ўрачыстасць. І гэта падалося сімвалічным, бо звычайна трэнер знаходзіцца ў цені славы сваіх выхаванцаў.

– Пачуцці змешаныя, – распавёў ён. – З аднаго боку – гонар за дзяўчат. А з іншага – сум, бо надалей каманда не будзе існаваць у такім выглядзе: частка дзяўчат пакіне школу пасля дзевяці класаў. Але ж такі трэнерскі лёс. Буду набіраць маленькіх дзяўчынак і працаваць на перспектыву.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *