Транспартны пілатуемы карабель “Саюз МС-18” (“Ю. А. Гагарын”) з экіпажам працяглай экспедыцыі МКС-65 – камандзірам карабля, касманаўтам “Раскосмасу”, ураджэнцам Чэрвеня Алегам Навіцкім, бортінжынерам-1 карабля, касманаўтам “Раскосмасу” Пятром Дубровым і бортінжынерам-2 карабля, астранаўтам NASA Маркам Вандэ Хаем, які стартаваў раніцай 9 красавіка з касмадрома Байканур, праз амаль 3,5 гадзіны паспяхова прыстыкаваўся да Міжнароднай касмічнай станцыі. Стыкоўка прайшла па звышхуткай двухвітковай схеме ў аўтаматычным рэжыме.
Зараз на станцыі працуюць 10 чалавек. Акрамя экіпажа, які прыляцеў на “Саюзе МС-18”, гэта касманаўты “Раскосмасу”, якія знаходзіліся там, Сяргей Рыжыкаў, Сяргей Кудзь-Свярчкоў, а таксама астранаўты NASA Кэтлін Рубінс, Майкл Хопкінс, Віктор Гловер, Шэнан Уокер і прадстаўнік Японскага касмічнага агенцтва Саічы Нагучы.
Як паведамляе інтэрнэт-сайт roscosmos.ru, пілатуемы карабель “Саюз МС-18” даставіў на борт МКС 169 кілаграмаў карысных грузаў, уключаючы ўкладкі для правядзення касмічных эксперыментаў і медыка-біялагічных даследаванняў па расійскай навуковай праграме, расходнае абсталяванне і дапаможны камплект бартавой дакументацыі, сродкі гігіены і наборы свежых прадуктаў, а таксама памятную фатаграфію Юрыя Гагарына і юбілейную сімволіку да 60-годдзя першага палёту чалавека ў космас.
У праграме экспедыцыі – больш за пяцьдзесят даследаванняў і эксперыментаў: па касмічнай медыцыне і біялогіі, касмічнаму матэрыялазнаўству, фізіцы касмічных прамянёў, тэхналогіях асваення касмічнай прасторы. У Алега Навіцкага прадугледжаны два выхады ў адкрыты космас для падрыхтоўкі да стыкоўкі з МКС і ўводу ў эксплуатацыю новага расійскага модуля “Навука”.
Адметна, што наш зямляк сустрэне на арбіце свой пяцідзесяты дзень нараджэння. Плануецца, што ён будзе працаваць на МКС 191 суткі і ў кастрычніку гэтага года вернецца на зямлю, а члены яго экіпажа Пётр Дуброў і Марк Вандэ Хай застануцца там яшчэ на некалькі месяцаў.