У Чэрвені адкрылася выстава значкоў «Касманаўтыка ў фалерыстыцы»

Актуальное Культура Общество

У пярэдадзень 60-гадовага юбілею першага палёту чалавека ў космас і трэцяга палёту нашага земляка Алега Навіцкага ў раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстава значкоў «Касманаўтыка ў фалерыстыцы». Незвычайны ўрок правёў падчас яе для сямікласнікаў трэцяй гарадской школы аўтар калекцыі Станіслаў Альшэўскі.

Пачынаючы захапляльны расповед, калекцыянер заўважыў, што цяперашняе юнаму пакаленню пашчасціць адзначыць стагоддзе ад пачатку эры пілатуемай касманаўтыкі. І гэтая падзея будзе нагодай для іх, сталых ужо людзей, прыгадаць праз сорак гадоў сустрэчу ў музеі. 

Акунуцца ў атмасферу эйфарыі, якая панавала на нашай планеце 12 красавіка 1961 года, школьнікам дапамог відэафільм “Наш Гагарын”. А потым Станіслаў Альшэўскі правёў экскурс у гісторыю касманаўтыкі, якая змястоўна адлюстраваная ў калекцыі, складзенай з амаль трох тысяч значкоў. На планшэтах адлюстраваныя этапы пакарэння космасу. Тут і першы штучны спадарожнік Зямлі, і вучоныя-піянеры ракетнай тэхнікі, і касманаўты. А яшчэ – значкі з выявамі касмадромаў, касмічных караблёў, памятных падзей, звязаных з касманаўтыкай.

Таксама Станіслаў Альшэўскі паказаў два планшэты, якія прысвечаны нашаму знакамітаму земляку: “Беларусы ў космасе” і “Сумесныя палёты Алега Навіцкага”. Яны адмыслова створаны ў сталічнай мастацкай майстэрні паводле эскізаў калекцыянера і падпісаныя чэрвеньскім касманаўтам. На адным – значкі з партрэтамі Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага, а таксама значок Чэрвеня, на другім – Алег Навіцкі і яго партнёры па палётах.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *