На Чэрвеньшчыне пасеялі 64 працэнты яравых зерневых культур ад неабходнага

Аграрный сектор Актуальное

Паводле звестак упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама на 16 красавіка, на Чэрвеньшчыне пасеялі 5780 гектараў ранніх яравых зерневых культур. Гэта – 64 працэнты ад неабходнага. Хуткімі тэмпамі выконваюць гэты від работ у сельгаспрадпрыемстве «Валевачы».

Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бартніцкі (у цэнтры) гутарыць з механізатарам на падрыхтоўцы глебы Мікалаем Кульбіцкім і механізатарам на падвозцы насення Анатолем Трыпузам.

Тут зерневыя займаюць 81 працэнт планавых плошчаў. Як распавёў “Раённаму весніку” галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бартніцкі, пуцявыя лісты механізатарам выдаюць з вечара, таксама з вечара запраўляюцца трактары, якія задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы і сяўбе. Так што машынны двор сельгаспрадпрыемства пусцее ўжо ў сем гадзін раніцы. На палетках тэхніка працуе да сямі вечара, а, пры неабходнасці, і дацямна.

Механізатр на сяўбе Ігар Драздоўскі.

– Праца ў полі спорыцца, – кажа Сяргей Бартніцкі. – Тым больш, што сёлета на пасяўной нам дапамагаюць суседзі з СВК “Першамайскі” Смалявіцкага раёна. Яны адкамандзіравалі ў “Валевачы” двух механізатараў з трактарамі, якія працуюць на сяўбе і падрыхтоўцы глебы. Гэта дазваляе ўдвая павялічыць тэмпы сяўбы: двума агрэгатамі штодня засяваем зерневымі ў сярэднім па 80 гектараў…

У структуры яравога кліну сельгаспрадпрыемства большую частку займае ячмень – 530 гектараў. 180 гектараў адвялі пад пшаніцу і 50 – пад авёс. Каля 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму тут будуць засяваць элітным насеннем.

Земляробы гаспадаркі ўжо завяршылі падкормку азімых зерневых культур і рапсу, а таксама пачалі рыхтаваць глебу пад сяўбу кукурузы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *