Дзіма Прышывалка атрымаў Дыплом лаўрэата на рэспубліканскім конкурсе

Актуальное Культура мы тобой гордимся!

З 26 па 31 сакавіка ў Мінску праходзіў  II Рэспубліканскі адкрыты    конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя Віталя Волкава.

Дзіма Прышывалка з Дыпломам лаўрэата

У конкурсе ўдзельнічалі больш за 180 дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў — навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама агульнаадукацыйных школ розных рэгіёнаў Беларусі.

Конкурс быў арганізаваны ўпраўленнем культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 Галоўнай мэтай  мерапрыемства з’яўлялася папулярызацыя музычнага мастацтва, выяўленне і падтрымка таленавітых навучэнцаў, развіццё творчага супрацоўніцтва і стварэнне ўмоў для абмену вопытам.

 У склад журы ўвайшлі вядомыя музыкі, вядучыя майстры сцэны сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі — каледжа пры БДАМ.

Наш раён на конкурсе прадстаўляў вучань ДУА “ Чэрвеньская дзіцячая школа мастацтваў” Дзмітрый Прышывалка, які чацвёрты год займаецца па класу валторны ў маладога таленавітага  педагога Івана Юр’евіча Фарасцянага.

  Конкурс праходзіў у два туры з  вочным выкананнем праграмы. Пераможцы былі вызначаны ў другім туры.

 Ацэньваючы ўдзельнікаў, кампетэнтнае журы звяртала ўвагу перш за ўсё на ўзровень выканальніцкага майстэрства, складанасць выбраных твораў, артыстызм, віртуознасць і выразнасць выканання.

Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў і на тое, што ўмовы конкурсу амаль што не саступалі ўзроўню міжнароднага, Дзіма паспяхова прайшоў  у другі  тур і па яго  выніках  стаў лаўрэатам трэцяй ступені.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбывалася на адной з лепшых канцэртных пляцовак нашай сталіцы — ў канцэртнай зале “Верхні горад”.

Як адзначыў у сваёй віншавальнай прамове старшыня журы, заслужаны артыст БССР, прафесар Уладзімір Будкевіч, сярод удзельнікаў шмат таленавітых рабят, а за кожнай нотай  — праца канкурсантаў, бацькоў, настаўнікаў.

Ён падкрэсліў, што пераможаных на конкурсе не было  — толькі пераможцы, бо нават  выйсці на сцэну – гэта таксама перамога.

 Шмат цёплых слоў прагучала  ў адрас педагогаў, без штодзённай карпатлівай працы якіх поспех быў бы немагчымым.

За добрую падрыхтоўку вучня для ўдзелу ў конкурсе ўзнагароду атрымаў  настаўнік па класу  валторны Чэрвеньскай дзіцячай  школы мастацтваў Іван Юр’евіч Фарасцяны.

Сярод адзначаных  — і канцэртмайстар  Кацярына Міхайлаўна Стахевіч, якая акампаніравала нашаму ўдзельніку ў двух конкурсных турах.

Яна атрымала грамату за высокае канцэртмайстарскае майстэрства.

За паспяховае выкананне конкурснай праграмы Дзмітрый Прышывалка быў узнагароджаны Дыпломам лаўрэта трэцяй ступені і грашовай прэміяй.

Дарэчы, нягледзячы на юны ўзрост, Дзіма ўжо неаднаразова браў удзел у конкурсах, на якіх дастойна прадстаўляў не толькі  школу мастацтваў, але і наш раён.

Безумоўна, удзел ў падобных праектах  з’яўляецца  бясцэнным і вельмі карысным вопытам, які абавязкова спатрэбіцца незалежна ад таго, кім канкурсант стане ў будучым, якую прафесію абярэ.

Пакуль што  Дзіма Прышывалка вучыцца ў пятым класе гімназіі імя У.А.Караля, захапляецца футболам і ўсім тым, чым цікавяцца хлопчыкі ў яго ўзросце.

Але вельмі хочацца верыць, што з цягам часу заняткі музыкай  перарастуць у сапраўдную любоў да музычнага мастацтва, і гэта адкрые шлях у будучую прафесію, а значыць –  да  галоўнай справы яго дарослага і, будзем спадзявацца, шчаслівага жыцця.

Людміла Дарагуж, выкладчык Чэрвеньскай школы мастацтваў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *