Нашы на Манпарнасе: выставу мастака са Смілавічаў адкрыюць у Парыжы

Актуальное Культура

27 сакавіка ў галерэі сучаснага мастацтва на Манпарнасе ў Парыжы плануецца адкрыць выставу мастака Парыжскай школы са Смілавічаў Шрагі Царфіна.

Паводле паведамлення, змешчанага на старонцы “Шрага Царфін” у Facebook, экспазіцыя будзе працаваць да 1 мая. У ёй размесціцца 40 работ мастака “ад маленькіх гуашаў да вялікіх палотнаў”.

– Я вельмі ўсцешаны гэтым фактам, – падзяліўся эмоцыямі ад навіны з “Раённым веснікам” унук Царфіна Іў Дзюлак. – За апошнія гадоў трыццаць у Францыі не было маштабных выстаў майго дзеда. Пераважна экспанаваліся толькі асобныя карціны ў розных галерэях. 

Ураджэнец Смілавічаў Файбіш-Шрага Царфін (1899-1975) вучыўся ў Віленскай мастацкай школе, Школе мастацтваў Бецалель (Палесціна). Служыў у турэцкай, брытанскай і французскай войсках. У гады Другой Сусветнай вайны далучыўся да руху супраціву. У Парыж пераехаў жыць ў 1924 годзе, дзе і зрабіў кар’еру мастака. Яго карціны знаходзяцца пераважна ў прыватных калекцыях. Некалькі работ набылі Ротшыльды, сям’я Чарлі Чапліна.

На радзіме мастака ў Смілавічах яго жыццю і творчасці прысвечаны пакой у музеі “Прастора Хаіма Суціна”. Напрыканцы 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі была адкрытая персанальная выстава “Шрага Царфін. Рух да святла”, прымеркаваная да 120-гадовага юбілею творцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *