Алег Елін: “Вакцына “Спадарожнік V” даказала сваю эфектыўнасць”

Актуальное Здоровье

У лютым на Чэрвеньшчыне пачалася вакцынацыя супраць каранавірусу.  Найперш прышчэпкі атрымалі медыцынскія работнікі і прадстаўнікі іншых груп рызыкі захворвання. Зараз яны даступныя для ўсіх жадаючых. Натуральна, акрамя тых, хто мае пэўныя супрацьпаказанні.

Пра ўсё, што трэба ведаць наконт вакцынацыі супраць COVID-19, распавёў у гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка” загадчык інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Алег ЕЛІН.

– Алег Яфрэмавіч, а самі Вы прышчапіліся?

– Так, 20 лютага.

– Каму яшчэ, акрамя медыкаў, у першую чаргу пажадана зрабіць прышчэпку?

– Тым, для каго заражэнне каранавірусам найбольш небяспечнае. Гэта – людзі з хранічнымі захворваннямі, у тым ліку з хваробамі бронхалёгачнай сістэмы, сэрца, а таксама – з цукровым дыябетам і атлусценнем.

– Як адбываецца вакцынацыя, і якая вакцына выкарыстоўваецца ў нашай бальніцы?

– Прышчэпка супраць COVID-19 праводзіцца ў два этапы. Другі кампанент вакцыны ўводзіцца праз тры тыдні пасля першага. Сама працэдура займае менш за гадзіну і складаецца з папярэдняга агляду, падрыхтоўкі прэпарата, увядзення вакцыны і назірання за станам таго, хто прышчапляецца, на працягу паўгадзіны пасля вакцынацыі.

Для прышчэпкі ў раёне выкарыстоўваецца расійская вакцына Гам-КАВІД-Вак (“Спадарожнік V”), распрацаваная НДЦЭіМ імя Н.Ф.Гамалеі. Прэпарат даказаў сваю эфектыўнасць, бяспеку і ўжо зарэгістраваны. Вакцына не ўтрымлівае вірусу, таму ад яе немагчыма заразіцца.

Дарэчы, на мінулым тыдні я меў гутарку з загадчыцай лабараторыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Тамарай Амвросьевай. Паводле яе слоў, там ужо даследавана каля ста ўзораў крыві мінчан, якія прышчапіліся вакцынай “Спадарожнік V”. Ва ўсіх іх выяўлены антыцелы.

– Калі прышчэпка пачынае дзейнічаць?

– Для таго, каб сфарміраваўся ўстойлівы імунітэт, павінна прайсці 3-4 тыдні пасля другой вакцынацыі.

– Ці бываюць пасля прышчэпкі супраць каранавірусу непажаданыя рэакцыі?

– Такое магчыма, як і пасля любой іншай прышчэпкі. Гэта пад’ём тэмпературы цела, галаўны боль, адчуванне дрыжыкаў і “ламоты” ў мышцах, боль і прыпухласць у месцы ін’екцыі. Таму, у выпадку пагаршэння самаадчування пасля прышчэпкі, неабходна звярнуцца ў паліклініку па месцы назірання. Аднак, узнікненне пабочных эфектаў пасля першага ўвядзення прэпарата не з’яўляецца супрацьпаказаннем да правядзення другога этапу вакцынацыі.

– Якую працягласць імунітэту дае прышчэпка?

– Паводле звестак, якія ёсць зараз, прагнозны імунітэт складае не менш за два гады. Аднак больш дакладна пра гэта можна будзе казаць пасля дадатковых назіранняў за прышчэпленымі і тымі, хто перахварэў. Калі ж праводзіць аналогію з іншымі інфекцыйнымі віруснымі захворваннямі, то цалкам верагодна, што імунітэт будзе пажыццёвы. Падобнае мы назіралі ў 2011 годзе, калі ў раёне была ўспышка адзёру. Людзі, якія атрымалі вакцыну ад яго нават дзясяткі гадоў таму, хварэлі лёгка, або не хварэлі зусім.

– Ці можна захварэць пасля прышчэпкі супраць COVID-19?

– Вакцынацыя не замінае таму, каб вірус трапіў ў арганізм чалавека. Аднак, у выпадку заражэння, уведзеная вакцына не дае хваробе развіцца.

– А што рабіць, калі чалавек заразіўся COVID-19 пасля першай дозы вакцыны?

– Другая доза таксама павінна быць уведзена. Праўда, магчымы варыянт: адкласці вакцынацыю на 90 дзён з моманту заражэння. Рызыка паўторнага заражэння ў гэты перыяд нізкая, а адтэрміноўка дазваляе іншым людзям прышчапіцца раней.

– Ці трэба выконваць меры прафілактыкі пасля вакцынацыі?

– Любы чалавек, незалежна ад таго, прышчэплены ён ці не, можа быць пераносчыкам вірусу-ўзбуджальніку Covid-19. Таму для дадатковай абароны сябе і іншых правільным і этычным будзе пасля вакцынацыі таксама прытрымлівацца стандартных мер засцярогі: насіць маску, трымаць сацыяльную дыстанцыю, выконваць патрабаванні да гігіены рук.

– Ці ўсім падыходзіць вакцына “Спадарожнік V”? І якія супрацьпаказанні да прышчэпкі?

– Вакцынай забаронена прышчапляць тых, каму не споўнілася 18 гадоў. Што да медыцынскіх супрацьпаказанняў, то гэта – алергічныя рэакцыі, у тым ліку на любыя папярэднія вакцынацыі, а таксама захворванні ў вострай стадыі або абвастрэнне хранічных захворванняў (можна прышчапляцца праз 2-4 тыдні пасля выздараўлення), цяжарнасць і грудное кармленне. Людзям з хранічнымі захворваннямі перад прышчэпкай неабходна атрымаць кансультацыю ў свайго ўрача.

Акрамя таго, паводле рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя краіны, калі ў пацыента ў медыцынскай карце ёсць звесткі аб перанесенай інфекцыі Covid-19, то прафілактычныя прышчэпкі супраць каранавірусу прызначаюцца не раней, чым праз 3-6 месяцаў пасля выздараўлення, незалежна ад цяжару перанесенай хваробы. Вакцынацыю кантактаў першага ўзроўню праводзяць пасля заканчэння перыяду медыцынскага назірання.

Разам з тым, пазіцыя “Вакцынацыі падлягаюць асобы, якія не хварэлі COVID-19 і не маюць антыцелаў да яго па выніках лабараторных даследаванняў” не падтрымліваецца ні адной аўтарытэтнай супольнасцю спецыялістаў па праблеме ва ўсім свеце, з’яўляецца памылкай і толькі наносіць шкоду стратэгіі імунапрафілактыкі. Цэлы шэраг даследаванняў прадэманстраваў няўстойлівасць натуральнага імунітэту пасля лёгкіх формаў COVID-19, а таксама магчымасць паўторнага заражэння, што асабліва значна для асоб з высокай верагоднасцю пастаяннага кантакту з вірусам пры выкананні імі прафесійных абавязкаў (медыкі, работнікі сферы сацыяльнага абслугоўвання, педагогі і іншыя).

– Ці патрэбная якая-небудзь адмысловая падрыхтоўка да вакцынацыі?

– Не. Гэтак жа, як і немэтазгодна перад вакцынацыяй рабіць аналізы на наяўнасць антыцелаў або антыгенаў. А вось пасля прышчэпкі месца ін’екцыі нельга мачыць і траўміраваць на працягу трох сутак.

– Дзе можна зрабіць прышчэпку?

– У працэдурным кабінеце паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы, пасля агляду ўрача. Папярэдне запісацца на вакцынацыю можна па тэлефону 5-22-50 з 10 да 15 гадзін штодня, акрамя суботы і нядзелі, ці на сайце бальніцы ў раздзеле “Заяўка на вакцынацыю COVID-19”.

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *