Дзень прыкметна пабольшаў. І як бы ні лютавалі маразы і завеі, лагоднае сонейка, што выблісквае з-за хмар, набліжае надыход вясны. Не паспееш азірнуцца – вызваліцца ад снегавога покрыва ралля, заспяваюць у блакіце нябёс жаўрукі, абудзіць палеткі гул магутных рухавікоў трактароў. А пакуль жыццё віруе ў майстэрнях гаспадарак.

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” ААТ “Мінскжалезабетон” глебаапрацоўчая тэхніка амаль цалкам гатовая да пачатку веснавых палявых работ.

– Рамонтныя работы мы пачалі яшчэ з восені, адразу пасля таго, як тэхніка вярнулася з поля, – распавядае галоўны механік гаспадаркі Юрый Асташонак. – У механізатараў, за якімі замацаваныя прычапныя агрэгаты, хапіла часу і іх да ладу давесці, і ў паўнавартасны адпачынак схадзіць.

Галоўнае, што, дзякуючы разуменню з боку кіраўніцтва гаспадаркі, не было ніякіх праблем з запчасткамі. Напрыклад, усё неабходнае для рамонту самаходнага апырсквальніка мы атрымалі літаральна праз дзень, пасля падачы заяўкі. І механізатар Міхаіл Васільеў за тыдзень паставіў “Расу” на лінейку гатоўнасці. Таксама ў нас ужо адрамантаваныя два плугі, культыватар, АКШ, раскідвальнікі арганічных і мінеральных угнаенняў…

Зараз у гаспадарцы актыўна рыхтуюць трактары і прычэпы да дзяржаўнага тэхнічнага агляду, які, паводле графіку, тут будуць праходзіць першымі ў раёне – 19 лютага. Сярод традыцыйных клопатаў – адладка рулявога кіравання, тармазной сістэмы, светлавых прыбораў і афарбоўка тэхнікі.