На сустрэчу з Рубцовым і Джалілем: у раённай бібліятэцы правялі чарговае пасяджэнне клуба «Ветразь»

Актуальное Культура

Студзеньскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, які працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, упершыню ў гісторыі прайшло ў фармаце анлайн.

Падчас паэтычнай гадзіны “Няхай душа застанецца чыстай”, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння расійскага паэта Мікалая Рубцова, на сувязь праз Skype выйшлі Уладзімір Адамовіч, Зоя Сушкевіч, Леанід Шофман і Ксенія Баталіна. А ў чытальнай зале бібліятэкі, акрамя яе супрацоўнікаў, сабраліся Людміла Чаркоўская, Алена Шульга і Вера Хаткевіч.

На пасяджэнні гучалі цікавыя звесткі пра жыццё і творчасць Мікалая Рубцова. Ішла гаворка аб тым, якую ролю ў яго лёсе адыграла Людміла Дзербіна і якім чынам ушанаваная памяць юбіляра. А вакол акалічнасцяў смерці паэта паміж сябрамі клуба завязалася цэлая дыскусія.

На сустрэчы чыталі вершы Мікалая Рубцова, слухалі запісы песень на яго словы, сярод якіх – колішні хіт “Букет” (“Я буду долго гнать велосипед…”) у выкананні Аляксандра Барыкіна.

У рубрыцы “Наш каляндар” сябры клуба пагутарылі пра татарскага паэта Мусу Джаліля. Сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня яго нараджэння. Пра жыццёвы і творчы шлях паэта распавяла і прачытала яго вершы Зоя Сушкевіч. Асабліва пранікнёна прагучаў у яе выкананні верш “Моей дочери Чулпан”. Шмат цікавага распавяла пра свайго земляка Ксенія Баталіна, якая нарадзілася ў Казані. Яна прынесла на пасяджэнне некалькі зборнікаў Мусы Джаліля з асабістай бібліятэкі і засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў кожным вершы паэта гучаць патрыятычныя матывы, таму што ён быў сапраўдным сынам сваёй зямлі. Леанід Шофман прачытаў паэтычны твор Мусы Джаліля на беларускай мове. Уласным поглядам на творчасць паэта падзяліўся Уладзімір Адамовіч і натхнёна прадэкламаваў яго верш “Садовод”.

Наступным разам сябры “Ветразя” мяркуюць сустрэцца 25 лютага. Пасяджэнне клуба будзе прысвечана творчасці беларускага пісьменніка, нашага земляка Уладзіміра Ляўданскага і ўкраінскай пісьменніцы Лесі Украінкі.

Святлана ЖДАНОВІЧ, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *