Дэлегат ВНС Таццяна Пашкова распавяла пра форум спецыялістам і механізатарам эксперыментальнай базы “Натальеўск”

Аграрный сектор Актуальное Общество

На Чэрвеньшчыне працягваюцца сустрэчы дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу ў працоўных калектывах. 19 лютага намеснік дырэктара эксперыментальнай базы “Натальеўск” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Пашкова, якая прадстаўляла наш раён на усенародным форуме, падчас сустрэчы са спецыялістамі і механізатарамі гаспадаркі падзялілася ўражаннямі ад ўдзелу ў ім і распавяла аб прыярытэтах развіцця краіны на пяцігодку.

Паводле слоў дэлегата, найперш яе ўразілі маштаб сходу, нязмушаная атмасфера, якая панавала падчас яго працы, і змястоўны, эмацыйны даклад Прэзідэнта. Нягледзячы на вялікі аб’ём інфармацыі, яна засвойвалася лёгка, бо падавалася даходліва.

Таццяна Пашкова адзначыла, што гаворка на форуме ішла не толькі пра дасягненні мінулай пяцігодкі, сярод якіх – рост узроўню жыцця насельніцтва, захаванне бяспекі і суверэнітэту краіны, зніжэнне ўзроўню інфляцыі і павышэнне даступнасці крэдытаў, стабільная занятасць, але і аб тым, што не ўдалося выканаць. Гэта, у прыватнасці, ніжэйшыя, чым планавалася тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту, змяншэнне дэмаграфічнага патэнцыялу, недастатковае развіццё сацыяльнай інфраструктуры (асабліва ў сельскай мясцовасці), не цалкам выкараненыя бюракратызм і валакіта пры прыняцці рашэнняў на месцах.

Дэлегат Усебеларускага народнага сходу нагадала, што на форуме былі ўхвалены галоўныя накірункі развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў – шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр. А ў аснове сацыяльнай палітыкі дзяржавы застануцца надзённыя пытанні жыцця людзей: справядлівае цэнаўтварэнне, разумныя тарыфы на асноўныя паслугі, эфектыўная занятасць і забеспячэнне годнай заработнай платы.

– Шмат што залежыць ад нас з вамі, ад таго, наколькі мы настроены, каб зрабіць наша жыццё лепшым не толькі для сябе, але і для навакольных, – адзначыла падчас сустрэчы Таццяна Пашкова. А завяршыла яна гутарку з калегамі словамі: “Я люблю Беларусь!”.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *