З любоўю да пакупнікоў працуе ў вёсцы Дубнікі прыватны прадпрымальнік Таццяна Аляхновіч

Актуальное Общество

Сёлета ўвесну жыхарка Барысава дала тут новае жыццё былому магазіну раённага спажывецкага таварыства, які быў зачынены амаль два гады. У пачатку чэрвеня «Раённы веснік» распавядаў пра тое, з чаго ўсё пачыналася, а нядаўна карэспандэнт газеты зноў прыехаў у Дубнікі па просьбе нашых чытачоў – удзячных пакупнікоў Таццяны Аляхновіч.

Пры ўваходзе ў краму нас вітае высокі, з каларытнымі вусамі, сталага веку мужчына.

–  Жарыкаў Уладзімір Ільіч, – прадстаўляецца ён. – Гэта я тэлефанаваў у рэдакцыю. У Дубніках, на радзіме жонкі, я ўжо – паўстагоддзя. Пакуль працаваў, прыязджаў з Мінска на выхадныя. Цяпер пастаянна тут жыву. Цяжка нам было, калі зачынілі магазін. Па паўдня цікавалі тую аўталаўку на вуліцы: прыедзе – не прыедзе. А не хочаш чакаць – едзь па пакупкі ў Ляды ці Чэрвень.

Цяпер жа – жыві і радуйся. Тавару поўна і на любы густ. Галоўнае, усе прадукты свежыя і смачныя – не тое, што безгатунковая каўбаса з аўталаўкі. Дзякуючы нашай Таццяне, можна нават паўтушы свіныя замаўляць. Усё, што не папросіш, прывозіць!

…Сціплы звонку, унутры магазін, хаця яму, відавочна, не хапае гандлёвай прасторы, выглядае ўтульна. Паліцы акуратна і шчыльна застаўлены таварам, як у супермаркеце. Навагодні настрой стварае зіхоткая ялінка і імправізаваны камін з “вогнішчам”, ролю якога выконвае электрычная гірлянда.

Акрамя Уладзіміра Ільіча, пагутарыць з карэспандэнтам прыйшлі яшчэ некалькі вяскоўцаў. Яны навыперадкі распавядаюць, як добра, што ў вёсцы зноў ёсць магазін. Ды яшчэ такі, дзе паважаюць і любяць пакупнікоў.

Прыкмета часу – маскі на тварах, якія вырашылі зняць выключна для таго, каб сфатаграфавацца ў газету. А пакуль фатаграфаваліся, яшчэ раз узгадалі безгатунковую каўбасу з аўталаўкі.

– Мы, хаця і старыя, але пэўны гатунак маем, – пажартавала адна з жанчын. – Таму хочам есці добрыя прадукты. Таццяна дала нам такую магчымасць. А яшчэ вельмі зручна, што, калі грошы сканчаюцца да выплаты пенсіі, можна ўзяць тавар у доўг.

Абмеркаваўшы апошнія вясковыя навіны, пакупнікі сыходзяць, а мы з Таццянай Аляхновіч гутарым аб тым, што змянілася ў магазіне з вясны.

– Наладзілі трывалыя сувязі з пастаўшчыкамі, пашырыўся асартымент тавараў, – распавядае Таццяна Яўгенаўна. – Пасля публікацыі ў “раёнцы” прыкметна больш стала пакупнікоў: да гэтага шмат хто не ведаў пра наш магазін. А зараз прыходзяць і прыязджаюць не толькі з Дубнікоў і Велікаполля, але і з Язовак, Лучча, Плецявішча. Шмат хто, едучы па шашы на Ляды, збочвае да нас.

Канешне, самы цяжкі перыяд, які давялося перажыць, гэта пераход з лета на зіму. Выручка ўпала амаль у пяць разоў. Людзі вельмі хваляваліся, прасілі “Вы ж толькі не зачыняйцеся!”. Але мы неяк выжылі і працягваем працаваць.

Дзядзька Жора (такая вясковая мянушка Уладзіміра Ільіча Жарыкава – рэд.) дапамог адрамантаваць і запусціць кацельню, так што ўзімку ў нас цёпла. Пашчасціла знайсці і новага прадаўца на месца жанчыны-дачніцы, якая на зіму паехала жыць ў Мінск. Вікторыя штодня дабіраецца на працу ў Дубнікі з Чэрвеня. Канешне, цяжкавата, але яна малайчына, з усім спраўляецца. Мы ж працуем штодня з васьмі раніцы да пяці вечара без выхадных. Каб даць ёй выхадны, сама станаўлюся за прылавак…

Раскрываючы сакрэт паспяховай працы магазіна, Таццяна Яўгенаўна кажа, што галоўнае – быць зацікаўленым ў насычэнні паліц якасным і хадавым таварам.

Таццяна Аляхновіч (справа) з прадаўцом Вікторыяй Аляксеенкавай ля імправізаванага каміна

– У работніка магазіна спажывецкага таварыства такой зацікаўленасці няма, бо яго заробак мала залежыць ад выручкі, – кажа яна. – А праца на сябе прымушае ўвесь час круціцца. Тут трэба не толькі ўмець дагадзіць густу пакупніка, але і проста любіць яго.

Напрыканцы Таццяна Аляхновіч падзялілася прыемнымі навінамі. Па-першае, яна падала дакументы на выкуп магазіна (зараз ён арандуецца). Калі ўсё атрымаецца, можна будзе, нарэшце, зрабіць паўнавартасны рамонт будынка. А па-другое, планы адкрыць яшчэ адну-дзве крамы ў нашым раёне, таксама набываюць рэальныя абрысы.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *