У ноч з 6 на 7 студзеня, за дзевяць хвілін да апоўначы, ратавальнікі атрымалі выклік на пажар у пасёлку Азёрны. У 24-кватэрным жылым доме побач з санаторыем-прафілакторыем «Волма» загарэлася адна з кватэр на чацвёртым паверсе.
Як распавяла “Раённаму весніку” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Чэрвеньскага РАНС Алена Немагай, пажар выявіў мінчанін Аляксей Сілін разам з братам, якія прыехалі на Раство ў госці да маці. Выйшаўшы на лесвічную пляцоўку, яны адчулі пах дыму. Крыніцу задымлення знайшлі на паверсе вышэй. З дапамогай намочанага пледа Аляксей папоўз у бліжэйшую кватэру і ўбачыў там жанчыну, якая ляжала на падлозе. Удваіх з братам яны выцягнулі пацярпелую на лесвічную пляцоўку.

Неўзабаве на месца здарэння прыехалі ратавальнікі са Смілавічаў. З дапамогай спецыяльных масак яны вывелі з бліжэйшых да крыніцы пажару кватэр 7 жыхароў, у тым ліку двух дзяцей. 18 чалавек раней самастойна пакінулі будынак.
Паводле слоў Алены Немагай, пацярпелая жанчына, 1962 года нараджэння, атрымала апёкі трох працэнтаў цела. Медыкі забралі яе ў бальніцу, але шпіталізацыя не спатрэбілася.
Кватэры, дзе надарыўся пажар, нанесены значны ўрон. Па адной з версій, крыніцай узгарання магла стаць электрычная гірлянда на навагодняй ёлцы.
Фота прадастаўлена Чэрвеньскім РАНС. Відэа Алены Немагай