У Чэрвеньскім краязнаўчым музеі адраджаюць абрадавыя традыцыі продкаў

Актуальное Культура Общество

Двума праграмамі – “Каляды” і “Калядныя забавы” – пачалі новы год у Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі. Сумешчаныя з агляднымі экскурсіямі мерапрыемствы наведалі вучні гарадской СШ №4 і маленькія выхаванцы Legend Karate club.

Падчас забаўляльнай праграмы “Каляды” дзеці даведаліся, як раней адзначалі гэтае народнае свята і якую сувязь мае яно з хрысціянскім Раством. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі сябе ў ролі калядоўшчыкаў. Яны завіталі з добрымі пажаданнямі ў “хату” да Гаспадыні, пагулялі з Казой і адгадалі яе загадкі. У якасці памятнага сувеніра кожны ўдзельнік праграмы атрымаў калядную зорачку з выявай музея на адваротным баку.

Праграма “Калядныя забавы” была прысвечана варажбе. Супрацоўнік музея Ларыса Арэхава распавяла, як даўней дзяўчаты варажылі на суджанага з дапамогай плота, валёнка ці боціка, аладак, люстэрка са свечкай. А потым дзеці разам з Цыганкай, ролю якой выканала навуковы супрацоўнік музея Вікторыя Ярашэвіч, вучыліся варажыць самі.

Яны даведваліся пра свой далейшы лёс, выцягваючы з-пад абрусу саломінку, набіраючы бярэмя “дроў”, дастаючы з кошыка розныя прадметы. Напрыканцы ўсе сталі ў карагод, які сімвалізуе новае сонца, што нараджаецца на Каляды.

– Мы лічым, што выхаванне патрыятызму ў дзяцей і моладзі найперш павінна засноўвацца на традыцыях продкаў, – адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка” адна з арганізатараў забаўляльных праграм Ларыса Арэхава. – Таму і надалей мяркуем ладзіць такія мерапрыемствы, згодна з гадавым каляндарна-абрадавым цыклам. Наступную праграму запланавалі на сакавік. Яна будзе прымеркаваная да Гукання вясны і Масленіцы.

Фота аўтара і супрацоўнікаў музея

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *