«Наша будучыня толькі ў нашых руках» — Канстанцін Карнялюк пра надыходзячы УНС

Общественный диалог Общество

З рэдакцыйнай пошты

«Мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, надзвычай хвалюе падрыхтоўка ў краіне да такой значнай грамадскай падзеі, як VI Усебеларускі народны сход.

Добра, што рашэнні такіх з’ездаў могуць стаць канстытуцыйнымі, што само палажэнне пра дзейнасць народных сходаў плануецца ўнесці ў новую Канстытуцыю.

Улада павінна суадносіцца з народам, кансультавацца з грамадзянамі па праблемах жыцця, асабліва спрэчных і складаных. Я ўжо даўно ўсвядоміў, што не можа быць іншага сапраўднага заканадаўцы, чым сам народ. Радуе, што амаль ва ўсіх гарадах, пасёлках Беларусі актыўна працуюць дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, дзе суайчыннікі выказваюць сваю пазіцыю, уносяць шмат прапаноў наконт далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, удасканалення палітычнай сістэмы. Каштоўна, што ўсенародныя думкі і меркаванні з месцаў, з рэгіёнаў будуць вынесены на абмеркаванне народнага сходу. Добра, што на форуме будуць прадстаўлены многія працоўныя калектывы, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, людзі розных узростаў і прафесій.

Сход у Беларусі з’яўляецца сапраўднай і красамоўнай формай дэмакратыі. Як абмяркуем нашы заўтрашнія крокі – так і жыць будзем у будучыні. І я не згодны з апанентамі, з прадстаўнікамі апазіцыі, што гэта нейкі “атрыбут” улады, а то і наогул праява папулізму. Успамінаю, што некаторыя грамадзяне і да першага Усебеларускага сходу ставіліся песімістычна, нават негатыўна. Час паказаў, як яны памыляліся. Сход стаў лёсавырашальным для краіны, кардынальна змяніў палітычны ландшафт, значна ўзрасла упэўненасць майго народа ў заўтрашнім дні. Пачалося актыўнае будаўніцтва суверэннай Беларусі. Далейшы ж росквіт дзяржавы залежыць ад працы кожнага з нас. Наша будучыня – толькі ў нашых руках.

Новы сход, упэўнены, дасць эстафету новым гістарычным, жыццёвым, нават бытавым здзяйсненням. Як добрая кніга, разгорне найбольш важныя, стрыжнявыя, балявыя праблемы. Гэта будзе яшчэ адна яскравая старонка сучаснасці і будучыні беларускага народа, нашай Бацькаўшчыны».

З павагай Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *