На ферме «Ляды» надарыўся пажар

Актуальное Происшествия

Паведамленне аб пажары на пункце штучнага асемянення буйной рагатай жывёлы малочнатаварнай фермы “Ляды»” ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” паступіла ратавальнікам 18 студзеня ў 22 гадзіны 22 хвіліны.

На яго тушэнні былі задзейнічаны пяць аўтацыстэрнаў. У 23 гадзіны пажар лакалізавалі, а ў 23 гадзіны 26 хвілін – патушылі.

Полымя знішчыла дах, пашкодзіла сцены і маёмасць пункта штучнага асемянення. Таксама пашкоджана 20 квадратных метраў даху прылеглага да будынка кароўніка.

Да прыезду ратавальнікаў работнікі фермы вывелі з кароўніка 160 галоў буйной рагатай жывёлы. Яна не пацярпела і пасля тушэння пажару была вернута ў стойла.

Як паведаміла “Раённаму весніку” інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алена Немагай, прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.  

Каб падобнага не здарылася, неабходна сачыць за спраўнасцю ізаляцыі электраправадоў. У працэсе эксплуатацыі электраправодкі нельга дапускаць механічных ўздзеянняў на яе: падвешваць на провадзе асвятляльную апаратуру, прыціскаць дзвярыма, выцягваць за шнур вілку з разеткі, перакручваць і завязваць правады, падвешваць іх на цвіках.

Таксама нельга ўключаць вялікую колькасць электрапрыбораў ў разетку, бо гэта можа выклікаць кароткае замыканне і пажар. Выяўленыя аголеныя месцы і абрывы электраправадоў трэба неадкладна рамантаваць.

Фота прадастаўлена Чэрвеньскім РАНС

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *