У пачатку зімы 2017-18 гадоў у вальеры на тэрыторыі аднаго з лясных масіваў Чэрвеньшчыны размясцілі 33 асобіны высакароднага еўрапейскага аленя. Статак быў набыты ў Літве рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у рамках дзяржаўнай праграмы “Беларускі лес” на 2016-2020 гады. Яна, у прыватнасці, прадугледжвала павелічэнне папуляцыі гэтай жывёлы ў краіне.
Пасля таго, як самкі далі прыплод і малыя ўсталі на ногі, статак выпусцілі на волю. Але падкормачную пляцоўку побач з былым вальерам захавалі. Работнікі раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў клапоцяцца аб тым, каб аленям сёлетняй снежнай і халоднай зімою не было голадна. У іх штодзённым рацыёне – сена, збожжа, капуста, хлеб.