Футбольны трэнер Пётр Міхееў: “Чэрвень для мяне як родны”

Актуальное Спорт

Чэрвеньская зямля багатая на таленавітых людзей. Адсюль – карані вядомых мастакоў і кампазітараў, вынаходнікаў і пісьменнікаў. І, канешне ж, спартсменаў. Аднак імёны адных – ва ўсіх на слыху, іншыя ж сціпла знаходзяцца ў цені славы сваіх выхаванцаў. Сярод іх – футбольны трэнер Пётр Міхееў.


Лёс ураджэнца Жодзіна цесна знітаваны з Чэрвенем: у 1958 – 1966 гадах ён выхоўваўся тут у дзіцячым доме №1, што шмат у чым прадвызначыла ўсё яго далейшае жыццё. Пра гэта і многае іншае Пётр Іванавіч распавёў у гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка”, нагодай для якой стаў яго 70-гадовы юбілей.

– Пётр Іванавіч, як атрымалася, што Вы апынуліся ў чэрвеньскім дзіцячым доме?

– Звычайная для тых часоў гісторыя. Я – са шматдзетнай сям’і. Тата памёр маладым, мы засталіся без карміцеля, і сацыяльная служба адправіла мяне ў Чэрвень. У дзіцячым доме пражыў восем гадоў. Вучыўся з першага па восьмы клас у першай школе, цяперашняй гімназіі.

– Што найбольш запомнілася з таго перыяду?

– Шмат чаго можна ўзгадаць. Але, бадай, самыя цёплыя ўспаміны засталіся ад заняткаў футболам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, у любімага трэнера Леаніда Міхайлавіча Корзуна. Памятаю, як наша каманда стала пераможцай спаборніцтваў на Кубак горада. Гуляў тады разам з хлопцамі, якія былі нашмат старэйшымі за мяне. Мне хацелася быць падобным на Леаніда Міхайлавіча і, мяркую, што менавіта тое юнацкае памкненне дапамагло потым стаць трэнерам. Ды і, увогуле, калі б не дзіцячы дом у Чэрвені, невядома, як склалася б далей жыццё…

– А што было далей?

– Пасля заканчэння васьмі класаў вярнуўся ў Жодзіна, паступіў у вучылішча, дзе працягваў займацца футболам. Потым адслужыў у войску, скончыў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. У 1977 годзе стаў першым трэнерам па футболу ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Беларускага аўтамабільнага завода. Выхоўваў тут ігракоў для каманд з Брэста, Віцебска, Гродна, якія гулялі ў другой лізе чэмпіянату СССР.

У 1995-1999 гадах быў галоўным трэнерам жодзінскага “Тарпеда”. Таксама ўзначальваў юнацкую зборную Беларусі да 17 гадоў, якая ў 2005 годзе першы і пакуль што апошні раз у гісторыі прабілася ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы. У яе складзе гулялі ўсім вядомыя сёння Ягор Хаткевіч, Ягор Філіпенка, Алег Вераціла, Міхаіл Сівакоў, Станіслаў Драгун і іншыя.

З юнацкай зборнай Беларусі

Пятнаццаць гадоў сумяшчаў трэнерскую працу з выкладаннем на кафедры футбола Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Не сяджу без справы і зараз: займаюся падрыхтоўкай рэзерву для футбольнага клуба “Дынама” (Мінск), а таксама працую на курсах пры Беларускай федэрацыі футбола, дзе трэнеры атрымліваюць міжнародныя ліцэнзіі.

Па маіх слядах пайшлі сын Валянцін і ўнук Павел. Абодва займаюцца падрыхтоўкай маладых футбалістаў у ФК БАТЭ (Барысаў).

– Атрымліваецца, што ў Вас ужо больш за 40 гадоў трэнерскага стажу! А на якіх прынцыпах будуеце сваю працу?

– Калі казаць пра адбор футбалістаў, то для мяне важныя не толькі фізічныя даныя спартсмена, але і тое, як ён бачыць поле, як разумее і адчувае гульню.

Камплектаваць каманды я заўсёды імкнуўся са сваіх выхаванцаў. Напрыклад, падчас працы ў жодзінскім “Тарпеда” браў іх зусім малымі і даводзіў да каманды першай лігі, а потым клубы вышэйшай лігі іх набывалі.

Што тычыцца падыходаў да маладых ігракоў, то тут мой дэвіз – цярплівасць. Бо кожны хлопец – асоба, у кожнага – свой характар, свае погляды на жыццё. Кожнага трэба
разумець і любіць. Тады штосьці атрымаецца.

– Якой Вы бачыце будучыню беларускага футбола з вышыні пражытых гадоў і багатага трэнерскага вопыту?

– Канешне ж, хочацца, каб яна была светлай і шчаслівай. Але пакуль, на жаль, гарызонт у хмарах.

На мой розум, сярэдні ўзрост футбалістаў не павінен перавышаць 25 гадоў. А яшчэ я, па вялікаму рахунку, супраць легіянераў. Бо яны знішчаюць наш футбол. У нас дастаткова сваіх маладых футбалістаў, але з-за легіянераў ім складана трапіць у асноўны састаў каманд. Мы шмат рыхтуем моладзі, а яна застаецца незапатрабаванай.

Пётр Іванавіч, даводзілася чуць, што менавіта Вы далі пуцёўку ў жыццё вядомым чэрвеньскім футбалістам…

–…Так. Я падтрымліваў першыя крокі ў вялікі футбол Аляксандра Мрынскага і Дзяніса Трапашкі, калісьці парэкамендаваў у Барысаўскае вучылішча алімпійскага рэзерву Яўгена Яблонскага. Таксама прывёў у мінскае “Дынама” Антона Сушу. Зараз праглядаю для гэтай каманды яшчэ двух юных футбалістаў з Чэрвеньскага раёна.

– Значыць, не забываеце Чэрвень?

– Канешне, не забываю! Ён для мяне як родны. І ўсе мае сябры адсюль, з Чэрвеня.

З сябрамі і паплечнікамі на ганку фізкультурна-спартыўнага комплексу Чэрвеньскай СДЮШАР

– А што думаеце пра перспектывы развіцця чэрвеньскага футбола?

– Складанае пытанне… У Чэрвені выдатная матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў футболам. І тут можна без праблем стварыць каманду другой лігі чэмпіянату Беларусі. Але дзе знайсці на гэта грошы? Ды і з лагістыкай Чэрвеню не пашчасціла: няма чыгункі. А на маршрутцы ні чэрвеньскім футбалістам у Мінск на трэніроўкі не наездзіцца, ні мінскім – у Чэрвень. Бо дорага.

– Калі самі апошні раз гулялі ў футбол?

– Ну, гадоў пяць таму яшчэ гуляў, удзельнічаў у ветэранскіх турнірах. І неяк траўміраваў нагу. Тады і зразумеў, што ўжо час берагчы здароўе.

– А ўвогуле ці адчуваеце сённяшні свой узрост?

– Калі б я зараз бегаў на каньках, то, напэўна, адчуваў бы. А так – хаджу па зямлі і не адчуваю, што ўжо сем дзясяткаў за плячыма.

– Як адзначылі юбілей?

– У коле сям’і. З сябрамі не атрымалася: каранавірус жа гэты зараз паўсюль. Але, спадзяюся, што ўлетку збяру іх усіх у Чэрвені.

Шчырыя Вам віншаванні! Няхай моцным будзе здароўе, бадзёрым дух, а ўсё задуманае спраўджваецца!

– Дзякую!

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ. Фота з архіву Пятра Міхеева

Калі інтэрв’ю было падрыхтавана да друку, стала вядома, што АБФФ прысвоіла Пятру Міхееву званне «Ганаровы дзеяч беларускага футбола». Адпаведнае пасведчанне і Ганаровы знак уручыў яму старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў. Віншуем!

 

СЛОВА ПРА ЮБІЛЯРА

Анатоль Усенка, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна:

– Не кожнаму выхаванцу дзіцячага дома ўдаецца дасягнуць пэўных вышынь у жыцці, адбыцца як чалавеку і асобе. Пятру Міхееву гэта ўдалося.

Пётр Іванавіч валодае фенаменальнай здольнасцю бачыць і знаходзіць таленавітых ігракоў. Яму дастаткова паназіраць за футбалістам некалькі хвілін, каб сфарміраваць меркаванне пра яго. Здаралася, што на іграку ўжо ў думках паставілі крыж, а Пётр Іванавіч штосьці знаходзіў у ім, і праз некалькі гадоў таго было не пазнаць. Адным словам – вялікі майстар.

Хаця Пятру Міхееву сёння і не прапануюць працу з камандамі, у семдзесят гадоў у яго энергіі больш, чым у многіх саракагадовых.

Віншуючы свайго сябра з юбілеем, хачу сказаць: усе мы, хто з ім гуляў і працаваў, ганарымся тым, што прайшлі поруч такі доўгі і слаўны шлях.

Рыгор Фёдараў, ураджэнец Чэрвеня, былы старшыня Беларускай федэрацыі футбола:

– Пётр Міхееў – шчыры, сапраўдны і стваральны чалавек. Ад яго заўсёды прыемна атрымаць пас па жыцці.

У Пятра Іванавіча добра ўсё атрымліваецца не толькі на футбольным полі, але і за яго межамі. У гэтым я пераканаўся падчас кіраўніцтва федэрацыяй, калі далучаў яго да арганізатарскай працы. Лёгкі на пад’ём, ён шмат зрабіў для развіцця як юнацкага, так і ветэранскага футбола.

Пётр Міхееў – камандны ігрок, і, у той жа час, мае сваю выразную пазіцыю. Пры гэтым ён абараняе яе аргументавана.

Жадаю юбіляру яшчэ доўга заставацца ў прафесіі, і каб ён адчуваў зваротную сувязь ад тых, з кім і дзеля каго працуе. Ну і, канешне ж, здароўя! А энергіі ў Пятра Міхеева, я перакананы, хопіць яшчэ не на адзін год, каб эфектыўна шчыраваць на карысць футбола.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *