Два стагоддзі і яшчэ дваццаць пяць: у Чэрвені адзначылі юбілей герба

Актуальное Культура Общество

Уласны знак адрознення наш горад, які ў той час называўся Ігумен, атрымаў 22 студзеня 1796 года. Нягледзячы на тое, што герб дайшоў да нашых часоў у крыху змененым выглядзе, пяць залатых пчол, якія сімвалізуюць адзін з галоўных тагачасных промыслаў нашых землякоў – бортніцтва, застаюцца на ім і па сёння, праз 225 гадоў.

На працягу ўсяго дня 22 студзеня пчолы над сярэбраным кустом у блакітным полі ўпрыгожвалі фасад Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея. А ўвечары гараджане сабраліся тут на адкрыццё выставы “Герб майго горада”.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч пачала свой расповед з агульных звестак пра ўзнікненне геральдычных сімвалаў, а потым паглыбілася ў гісторыю герба Чэрвеня.

Неабходнасць яго стварэння ўзнікла пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, калі спатрэбіўся пункт адліку, ад якога адштурхоўвалася б новае кіраўніцтва тэрыторыяй. У той час шматлікія дробныя мястэчкі набывалі статус павятовых гарадоў. Стаў ім і Ігумен. Блізкасць да губернскай сталіцы і старажытная дарога, па якой ездзілі паштовыя тройкі, гэтаму спрыялі. Разам са статусам цэнтра павета Ігумен атрымаў свой герб. Пры яго стварэнні геральдычная камісія ўзяла пад увагу тое, што дабрабыт горада засноўваўся на бортніцтве. У той час Ігуменскі павет па колькасці пчаліных вулляў трымаў у Мінскай губерні трэцяе месца. Так на нашым гербе з’явіліся пчолы.

Першапачаткова сярэбраны куст кветак, над якім размешчаны пяць залатых пчол, займаў толькі палову агульнай часткі знака адрознення: уверсе на жоўтым фоне быў адлюстраваны двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, што сімвалізавала прыналежнасць Ігумена да Мінскай губерні і Расійскай імперыі. А ніжняя частка агульнай выявы была зялёнага колеру.

У 1864 годзе адмысловая камісія хацела перагледзець гербы некаторых гарадоў, асабліва тых, якія актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага. Планавалася, што адну з пчол на гербе Ігумена закрые сімвал Міншчыны, а ўверсе павінна была з’явіцца складзеная з цаглінак карона. Акрамя таго, герб хацелі аздобіць перавітымі чырвонай стужкай каласамі. Аднак імператар такія змены не падтрымаў.

Сучасны герб Чэрвеня быў распрацаваны ў 1996 годзе. А 18 красавіка 2001 года ён быў зарэгістраваны і ўнесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь пад нумарам 59. Адметна, што Чэрвень атрымаў абноўлены герб перыяду незалежнасці краіны адным з першых у Мінскай вобласці.

Пасля экскурсу ў гісторыю ўвага наведвальнікаў засяродзілася на самой выставе. Яе аснову склалі малюнкі чэрвеньскіх школьнікаў дваццаціпяцігадовай даўніны, створаныя да 200-годдзя герба горада. Лепшыя творы тагачаснай выставы “Мой герб”, якія беражліва захоўваліся ў музеі чвэрць стагоддзя, уражваюць багатай фантазіяй юных мастакоў. Хтосьці ўзгадаў легенду пра ўзнікненне старажытнага Ігумена і намаляваў герб, які з Дзікага возера вымаюць буслы. Хтосьці звязаў тэму малюнка з бортніцтвам. І, канешне ж, на малюнках адлюстравана непаўторная прырода роднага краю – з беластволымі бярозамі, духмянымі сенажацямі і бяскрайнімі жытнёвымі нівамі.

Выстава прадоўжылася праглядам анімацыйнага фільма з цыклу “Аповесць мінулых гадоў”, прысвечанага гісторыі герба Чэрвеня. А напрыканцы ўсіх запрасілі на знаёмства з экспанатамі музея, якія маюць непасрэднае дачыненне да герба-юбіляра.

Наведаць выставу “Герб майго горада” мае магчымасць кожны ахвотны. Яна будзе працаваць да 12 лютага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *