Чэрвеньскі лясгас да пачатку вясны плануе сабраць 6 тон шышак хвоі і елкі

Актуальное Экология

На дварэ – снежна і марозна, а ў лясніцтвах Чэрвеньскага лясгаса ў самым разгары збор ураджаю. Тут нарыхтоўваюць шышкі хваёвых парод дрэў на насенне.

Ляснік Натальеўскага лясніцтва Генадзь Пасудзеўскі

– Цёплыя зімы апошніх гадоў нас крыху распесцілі: збіраць шышкі было зручна і ўтульна, – распавядае інжынер па лесаўзнаўленню і меліярацыі лясгаса Кацярына Пузанкова. – Але нашы леснікі звыклыя працаваць пры любым надвор’і. Сёлета працэс збору замаруджваецца, аднак ідзе. Тым больш, што ўраджай шышак добры…

Нарыхтоўку лясніцтвы пачалі напрыканцы студзеня. План на сезон – 4 тоны хваёвых і 2 тоны яловых шышак. Калі разлічваць па стандарту выхаду (1,5 – 2 працэнты з тоны), павінна атрымацца каля 80 кілаграмаў насення.

Леснікі Натальеўскага лясніцтва Мікалай Каваленка і Іван Рашчынскі

Першую партыю сабраных шышак, а гэта прыкладна палова ад запланаванага аб’ёму, бліжэйшымі днямі адправяць на перапрацоўку ў Рэспубліканскі селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Там шышкі высушаць, здабудуць з іх насенне, якое затым ачысцяць, адкалібруюць і змесцяць на захоўванне ў спецыяльны халадзільнік. Увесну лясгас забярэ неабходную колькасць пасяўнога матэрыялу, а астатняе пакіне там жа ў якасці рэзерву на выпадак неўраджаю ў наступныя гады.

Леснікі Натальеўскага лясніцтва Віктар Каўзуновіч і Дзмітрый Кракайціс

Нарыхтоўка шышак на лесасеках адбываецца падчас высечак. Акрамя таго, на тэрыторыі лясгаса ёсць дзве лесанасенныя плантацыі, дзе растуць хвоі з палепшанымі генетычнымі характарыстыкамі: адзін гектар – у Натальеўскім лясніцтве і 0,8 – у Раваніцкім. Там шышкі збіраюць у першую чаргу. Атрыманае з іх насенне больш устойлівае да прыродных умоў, якія, у сувязі са зменай клімату, апошнім часам бываюць непрадказальнымі.  

– План па нарыхтоўцы шышак мы штогод перавыконваем у паўтара-два разы, – заўважае Кацярына Пузанкова. – Патрэбы гадавальніка ў насенні забяспечваем цалкам, а яго запасу маем на тры гады наперад.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *