Загадчык цэнтральнай раённай аптэкі №20 Чэрвеньскага раёна Раман Зайцаў: “Усё, што трэба, ёсць”

Актуальное Здоровье

З пачаткам эпідэміі COVID-19 узрос попыт на медыцынскія прэпараты і вырабы, звязаныя з прафілактыкай гэтага небяспечнага вірусу. Як спраўляюцца з ім у раёне? Пра гэта і не толькі карэспандэнт “Раённага весніка” пагутарыў з загадчыкам цэнтральнай раённай аптэкі №20 Чэрвеньскага раёна Раманам ЗАЙЦАВЫМ.

– Раман Юр’евіч, наколькі аптэка сёння забяспечана ўсім неабходным?

– Цэнтральная раённая аптэка, як і кожная аптэка раёна сеткі РУП “Мінская Фармацыя”, мае поўны асартымент лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, якія патрэбны для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Па сродках індывідуальнай абароны – гэта маскі, бахілы, шапачкі, аднаразовыя халаты, камбінезоны. Ёсць антысептыкі і сродкі для дэзінфекцыі розных відаў і аб’ёмаў. Па леках – гэта супрацьвірусныя прэпараты: з беларускіх, напрыклад, “Арпетол”, “Вітаверын”, якія карыстаюцца ў нас трывалым попытам, з замежных – “Грапрыназін”.

– Але ж лекаў менавіта ад каранавірусу яшчэ не стварылі…

– Так. Аднак зараз тым, хто хварэе на COVID і лечыцца дома, дактары пачалі прызначаць вітаміны групы “Д”, а таксама лекі супраць утварэння тромбаў. А тым, хто перахварэў – прэпараты для ўмацавання сардэчнай мышцы.

– Вы казалі пра шапачкі, бахілы, халаты, камбінезоны і сродкі для дэзінфекцыі. Хто іх набывае?

– Пераважна – арганізацыі. Гэта патрэбна, напрыклад, пры дэзінфекцыі памяшканняў. Бахілы, аднаразовыя халаты таксама набываюць тыя, каму трэба наведаць хворага.

– Увогуле, як у вас наладжана праца з арганізацыямі?

– Апошнім часам выкарыстоўваем такую форму, як рассылка інфармацыі праз электронную пошту. І гэта дзейнічае. Асабліва, як напамін пра тое, што, напрыклад, запас масак або сродкаў для дэзінфекцыі заканчваецца, і яго трэба папоўніць.

– Сапраўды, эфектыўная форма. Вось нядаўна і рэдакцыя атрымала праз электронную пошту інфармацыю, што ў аптэцы з’явіліся пульсаксіметры і бескантактныя тэрмометры…

–… Літаральна пару тыдняў таму мы іх атрымалі. Пульсаксіметр вымярае ступень насычанасці крыві кіслародам, ад якой залежыць эфектыўнасць працы лёгкіх. Гэта прыбор нямецкай вытворчасці з гарантыйным тэрмінам эксплуатацыі 12 гадоў. Каштуе нятанна, але жадаючыя набыць яго ёсць. Вось і зусім нядаўна адзін прадалі.

Бескантактныя тэрмометры набываюць пераважна арганізацыі. Прыбор эфектыўны тым, што дзейнічае на адлегласці 2-3 сантыметры ад ілба і вымярае тэмпературу цела за лічаныя секунды. Такія тэрмометры ў нас – таксама нямецкай вытворчасці.

– Наколькі часта даводзіцца папаўняць запас медпрэпаратаў?

– Тавары мы атрымліваем раз на тыдзень. Але, пры неабходнасці, калі напрыклад, тэрмінова спатрэбіліся тыя ці іншыя лекі, маем магчымасць прывезці іх на працягу сутак.

Ажыятаж быў у першую хвалю COVID, калі людзі, асабліва пенсіянеры, бяздумна набывалі маскі, антысептыкі пра запас. У красавіку вазілі тавар праз дзень. Было цяжка, але справіліся. Зараз сітуацыя нашмат спакайнейшая, бо людзі пачалі асэнсавана падыходзіць да пакупкі прэпаратаў.

Карыстаючыся нагодай, хачу засяродзіцца на відавочнай праблеме, не звязанай наўпрост з нашай працай, але звязанай з прафілактыкай каранавірусу. Ездзячы на маршрутцы з Чэрвеня ў Мінск, назіраю, што падлеткі, відавочна навучэнцы, якія выходзяць у Смілавічах, усе, як адзін, без масак. Маладыя людзі, як вядома, менш хварэюць, але з’яўляюцца актыўнымі носьбітамі вірусу: перадаюць яго бацькам, дзядулям і бабулям. Лічу, што дарослыя павінны ім усяляк гэта тлумачыць.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *