Яе душа – крыніца дабрыні: 42 гады адпрацавала Зоя Аношка з дашкалятамі

Люди и судьбы

Зою Аляксандраўну Аношка я ведаю з самага дзяцінства. Яна была маім выхавальнікам у Чэрвеньскім дзіцячым садку №1. Я запомніла яе добрай, уважлівай, шчырай – яна сапраўды была для нас другой мамай…

42 гады адпрацавала Зоя Аляксандраўна з дашкалятамі. Колькі іх – гарэзаў і спакойных, дапытлівых і няўрымслівых выхавала яна за гэты час — сёння і не падлічыць.

У прафесію Зоя прыйшла невыпадкова, таму што дзяцей любіла заўсёды. Марыла пра тое, каб з імі працаваць. Удзячна сваім бацькам, што далі ёй магчымасць вучыцца. Таму пасля школы, не раздумваючы, паступіла ў Мінскае педагагічнае вучылішча на дашкольнае аддзяленнне. І пасля яго заканчэння па размеркаванню прыехала ў Чэрвень. Месца працы выбрала сама: вельмі падабаўся ёй наш горад сваёй утульнасцю, чысцінёй і прыгожым паркам.

З цеплынёй прыгадвае цяпер Зоя Аляксандраўна калектыў дзіцячага садка №1, з якога яна пачала свой працоўны шлях. Да гэтага часу ўдзячная загадчыцы Зінаідзе Ігнатаўне Альхімовіч, з якой працавала шмат гадоў і многаму ў яе навучылася. А калі пабудавалі на вуліцы Барыкіна садок №4 і Зінаіда Ігнатаўна ўзначаліла там калектыў, то запрасіла сюды і Зою Аляксандраўну, якая ўжо набыла значны вопыт педагагічнай працы.

З гэтай установы адукацыі і пайшла жанчына на заслужаны адпачынак. Падчас работы выхавальнік увесь час удасканальвала свае веды. Вучылася ў старэйшых калег, скончыла вочна педагагічныя курсы ў Мінскім інстытуце ўдасканальвання педагагічных кадраў па спецыяльнасці “Псіхалогія дзіцячага і дашкольнага выхавання”. Акрамя асноўнай дысцыпліны, вывучала і сумежныя – фізічнае выхаванне і родную мову.

Да гэтага часу захоўвае Зоя Аляксандраўна вялікі альбом, у ім — фотаздымкі яе выпускаў за многія гады. Сярод іх адшукала і я свой выпуск 1964 года. Як і Зоя Аляксандраўна, таксама памятаю паімённа ўсіх, з кім бавіла час у садку.

Сярод яе выхаванцаў – урачы і настаўнікі, музыканты і інжынеры, рабочыя і кіраўнікі. Глядзіць выхавальнік на здымкі, а ў добрых вачах яе свеціцца цяпло – тое самае, што сагравала нас, малых, больш за 50 гадоў таму…

За шмат гадоў працы выхавальнікам Зоя Аляксандраўна неаднаразова заахвочвалася: мае Ганаровую грамату Мінскага абласнога аддзела адукацыі, Граматы і Падзякі Чэрвеньскага раённага аддзела адукацыі за выдатную работу па арганізацыі выхаваўчага працэсу. Узнагароджана яна таксама медалём “За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина” і медалём “Ветеран труда”.

У Чэрвені знайшла дзяўчына і сваё шчасце: пазнаёмілася з мужам Анатолем Вікенцьевічам. Пабудавалі сваю хату, выгадавалі дзвюх дачок. Работы хапала і дома: любіла працаваць у агародзе, садзе, кветніку. Яшчэ былі захапленні: шмат вышывала, чытала.

Зараз Зоя Аляксандраўна жыве адна: дваццаць гадоў таму пайшоў з жыцця яе муж. Яна амаль не выходзіць з дому – мае жанчына шаноўны ўзрост: 90 гадоў. Ёсць унучка і два ўнукі, а яшчэ – пяцёра праўнукаў. Яна вельмі радуецца іх прыезду:

— Гэта самыя лепшыя хвіліны ў маім жыцці, — гаворыць жанчына, — дзеля дзяцей я і жыву ўвесь час…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *