Разам супраць COVID: Вышаградскі фонд дапамог чэрвеньскай бальніцы

Актуальное Здоровье Общество

У сераду ў Чэрвеньскую цэнтральную раённую бальніцу завіталі прадстаўнік пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мараш Мітрык і дырэктар рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Мінска-магілёўскай архідыяцэзіі брат Андрэй Жылевіч. Яны перадалі медыцынскай установе гуманітарны груз ад дыпламатаў пасольстваў Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі, фінансаваны міжнародным Вышаградскім фондам – ультрафіялетавыя апрамяняльнікі, медыцынскія халаты, рэспіратары, маскі, пальчаткі, сродкі для дэзінфекцыі.

– Для нас важна, каб дапамога сродкамі індывідуальнай аховы была аказаная найперш медыкам, – зазначыў Андрэй Жылевіч. – Бо ва ўмовах COVID ім неабходная эфектыўная абарона, каб паспяхова лячыць хворых.

– Мы ўсцешаныя тым, што, дзякуючы партнёрству з “Карытасам”, з’явілася магчымасць наладзіць кантакты з канкрэтнымі арганізацыямі, якім патрэбна дапамога, – дадаў Мараш Мітрык.

Гуманітарны груз са словамі ўдзячнасці прынялі выконваючы абавязкі намесніка галоўнага ўрача бальніцы Сяргей Іванюк і галоўная медсястра Наталля Сычова.

У гэты ж дзень Мараш Мітрык і Андрэй Жылевіч перадалі сродкі індывідуальнай аховы ад каранавіруснай інфекцыі Чэрвеньскаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

ДАВЕДАЧНА. Сёлета ў красавіку міністры замежных спраў Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі ўзгаднілі фінансавую падтрымку з запасаў Міжнароднага Вышаградскага фонду для краін Усходняга партнёрства ЕС у барацьбе з COVID-19. Для яе рэалізацыі была створана праграма V4 East Solidarity. У якасці партнёра ў Беларусі абралі рэлігійную місію “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *