З 18 да 31 снежня ў Чэрвеньскім лясгасе арганізуюць узмоцненае патруляванне ляснога фонду ў месцах росту яловых і хваёвых маладнякоў. Там ужо ўстанавілі 9 камер фота- і відэафіксацыі правапарушэнняў.
Як распавяла “Раённаму весніку” намеснік кіраўніка лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, у гэты перыяд будзе наладжана сумесная праца рэйдавых груп лясной аховы і работнікаў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама – супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. На з’ездах у лес уздоўж аўтамабільных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэння ўстановяць стацыянарныя пасты лясной аховы.
Жанна Чарнавец нагадала, што паводле дзеючага заканадаўства, незаконная высечка ці пашкоджанне да ступені спынення росту або знішчэнне драўняна-хмызняковай расліннасці ў прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах караюцца штрафам у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. На індывідуальнага прадпрымальніка накладаецца штраф у памеры ад 20 да 200 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад 50 да 300 базавых велічынь.
Калі такія дзеянні ўчыненыя ў эксплуатацыйных лясах, то памер штрафу для фізічнай асобы складае да 30 базавых велічынь, індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 150, юрыдычнай асобы – ад 20 да 200 базавых велічынь.
Акрамя таго, парушальнікам давядзецца аплаціць нанесены лясному фонду ўрон (адна базавая велічыня за ссечанае дрэва) і кошт навагодняга дрэва, згодна з прэйскурантам цэн.