Чаму не родзіць бульба: спецыяліст тлумачыць, і паказвае, якім можа быць сапраўдны ўраджай

Аграрный сектор Актуальное Общество

Вельмі часта даводзіцца чуць, як людзі дзівяцца: нібыта ўсё зрабілі правільна, а бульба на сядзібе вырасла значна горшая, чым у сельгаспрадпрыемстве. На гэта ёсць шэраг прычын. 

Распавядае інспектар па каранціну раслін па Чэрвеньскаму раёну Ігар САДЧАНКА:

Па-першае, у гаспадарках абнаўляюць гатункі клубняў. Бо калі падчас сарціроўкі зерня на насенне адбіраецца самая буйная фракцыя, то ў бульбы – сярэдняя. Таму і выраджаецца яна значна хутчэй.
На жаль, жыхары Чэрвеньшчыны вельмі мала выкарыстоўваюць магчымасці сортаабнаўлення бульбы. А ў нас жа ў раёне ёсць доследная станцыя НАН Беларусі і эксперыментальная база “Натальеўск”, дзе можна набыць насенне лепшых беларускіх гатункаў!

Па-другое, гаспадаркі абараняюць бульбу ад хвароб і шкоднікаў, а ў хатніх умовах, у лепшым выпадку, яе апрацоўваюць ад каларадскага жука. Галоўнае ж адрозненне ў тым, што сельгаспрадпрыемствы штогод размяшчаюць бульбу на новым участку, а дома яна вырошчваецца працяглы час на тым самым месцы. Такім чынам, ідзе назапашванне хвароб і шкоднікаў, самымі небяспечнымі з якіх з’яўляюцца зусім не каларадскі жук і фітафтора.

Асноўная прычына нізкай ураджайнасці бульбы на прысядзібных участках – заражэнне бульбяной нематодай. Практычна нябачная воку, яна вельмі шкодзіць клубням: пры працяглым вырошчванні бульбы адбываецца паступовае назапашванне інфекцыі да ўзроўню, які прыводзіць да рэзкага зніжэння ўраджайнасці. Шкоднік паразітуе толькі на каранёвай сістэме бульбы і памідораў, сілкуецца сокам гэтых раслін і пры гэтым выдзяляе атрутныя рэчывы, якія вельмі істотна аслабляюць расліны. Пашкоджаныя кусты значна адстаюць у росце, пад імі ўтвараюцца дробныя адзінкавыя клубні. Спачатку на прысядзібным участку з’яўляюцца ачагі нізкарослых раслін, а затым яны распаўсюджваюцца на ўсю плошчу пасадкі.

Нават пры высокай урадлівасці глебы ўраджайнасць звычайных гатункаў бульбы (“Брыз”, “Чарадзей”, “Ласунак” і іншыя) на заражаным участку зніжаецца ў 2-3 разы ад магчымай і складае не больш за 100 цэнтнераў з гектара, а пры моцным заражэнні – 60 цэнтнераў з гектара і ніжэй. Пры гэтым зрэджаны, з аслабленыя раслінамі ўчастак моцна зарастае пустазеллем.

Калі ваш участак выглядае менавіта так, трэба зрабіць усё магчымае для барацьбы з бульбяной нематодай. Каб канчаткова пераканацца ў тым, што прысядзібны ўчастак заражаны гэтым шкоднікам, трэба ў перыяд і пасля цвіцення бульбы выкапаць некалькі раслін, якія адстаюць у росце, і асцярожна абтрэсці зямлю. На каранях нават няўзброеным вокам можна будзе ўбачыць шмат залаціста-жоўтых, велічынёй з макавае зерне, шарыкаў. Гэта цысты бульбяной нематоды. Падчас уборкі бульбы яны абсыпаюцца і застаюцца ў глебе. У кожным такім шарыку (цысце) знаходзіцца да 700 яек шкодніка. Яны захоўваюць жыццяздольнасць у глебе да 10-15 гадоў.

 

Існуюць дзве асноўныя ўмовы барацьбы з бульбяной нематодай. Па-першае, неабходна весці чаргаванне культур з такім разлікам, каб бульба вярталася на ранейшае месца не раней, чым праз тры гады. У гэтым выпадку большасць лічынак гіне, бо на іншых культурах харчавацца яны не могуць. Па-другое, для скарачэння тэрмінаў ачысткі ўчастка ад нематоды трэба высаджваць нематодаўстойлівыя гатункі бульбы. У сельскагаспадарчых прадпрыемствах яны займаюць, як правіла, не менш за 70 працэнтаў агульнай пасадачнай плошчы, і гэтыя суадносіны павялічваюцца.

Большасць сучасных гатункаў бульбы ўстойлівыя да нематоды. Сярод іх –  “Уладар”, “Вектар”, “Маніфест”. З-за біялагічных асаблівасцяў ураджайнасць гэтых і іншых нематодаўстойлівых гатункаў нават на заражаных участках у 2-3 разы вышэйшая, чым у звычайных. Акрамя таго, ужо ў першыя 1-2 гады ўзровень заражанасці глебы зніжаецца на 50-60 працэнтаў, а, такім чынам, зніжаюцца і шкодныя ўласцівасці нематоды.

 

Хачу звярнуць увагу яшчэ на шэраг фактараў:
1. Падчас захоўвання бульбы нельга змешваць нематодаўстойлівыя гатункі з іншымі. У першыя гады іх трэба пакідаць толькі на насенне.
2. Не варта купляць насенны матэрыял у прыватных асоб, бо ён не праходзіць належны кантроль. А калі набылі, то клубні трэба старанна вымыць за межамі ўчастка, высушыць і толькі потым садзіць.
3. Памятаеце, што нематоду на ўчастак можна занесці не толькі з насеннем бульбы, але і з часцінкамі глебы, інструментам, талай вадою.
4. Будзьце вельмі ўважлівыя пры набыцці саджанцаў і расады, бо толькі вытворцы, якія маюць права вырошчваць насенне і пасадачны матэрыял, праходзяць фітасанітарны кантроль, што гарантуе адсутнасць інфекцыі.

Апошнім часам, у сувязі з узмацненнем жорсткасці патрабаванняў да рэалізацыі насення і пасадачнага матэрыялу, часта даводзіцца сустракацца з крыўдай і неразуменнем на адрас кантралюючых арганізацый. Але ж кантроль вядзецца выключна ў інтарэсах пакупнікоў! Бо неправераны пасадачны матэрыял, які нярэдка, насуперак патрабаванням, прадаецца з грунтам, якраз і з’яўляецца крыніцай заражэння вашага ўчастка. А той, хто прадае расаду памідораў або кветак, нават не здагадваецца, што яна можа аказацца інкубатарам для распаўсюджвання інфекцыі.

Чаму ўсе з разуменнем ставяцца да таго, што прадукцыя, якая рэалізуецца на рынках у харчовых мэтах, павінна праходзіць лабараторны кантроль, а да праверкі пасадачнага матэрыялу стаўленне іншае? Варта прыгадаць, што нашы продкі здаўна надавалі насенню асаблівую ўвагу.

Усё, што я напісаў, гэта не тэарэтычны матэрыял, а назіранні і высновы з уласнага досведу. Я штогод вырошчваю не менш за 60 сотак бульбы, і пры гэтым атрымліваю нядрэнную ўраджайнасць. Саджу пяць-шэсць гатункаў розных тэрмінаў паспявання, але ўсе яны – нематодаўстойлівыя.

У пацвярджэнне я прынёс у рэдакцыю некалькі клубняў нямецкага гатунку “Беллароза” са свайго сёлетняга ўраджаю. Вага кожнага – больш за кілаграм.

Калі ў вас ёсць да мяне пытанні, тэлефануйце 8 (029) 2797904.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *