Больш за 80 нецвярозых вадзіцеляў затрымалі сёлета ў Чэрвеньскім раёне

Актуальное Безопасность

Пра гэта распавёў “Раённаму весніку” выконваючы абавязкі начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Чэрвеньскага РАУС Аляксей Красікаў.

– Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – адно з самых сур’ёзных парушэнняў Правілаў дарожнага руху, – адзначыў ён. – Статыстыка сведчыць, што пяць – дзесяць працэнтаў дарожна-транспартных здарэнняў па віне вадзіцеляў звязана менавіта з гэтым правапарушэннем. Цяжар наступстваў такіх дарожна-транспартных здарэнняў значна вышэйшы ў параўнанні з астатнімі аварыямі.

Дзеючым заканадаўствам за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане або перадачу права кіравання нецвярозаму, а таксама – за адмову ад праходжання медыцынскага агляду прадугледжана пазбаўленне права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 3 гады і штрафам ад 50 да 100 базавых велічынь. А за паўторнае на працягу года кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення правапарушальнік прыцягваецца да крымінальнай адказнасці. Пры гэтым магчымая канфіскацыя транспартнага сродку, якім кіраваў нецвярозы, незалежна ад права ўласнасці.

Аляксей Красікаў таксама паведаміў, што з 228 пешаходаў, якіх сёлета пакаралі ў раёне за парушэнне Правілаў дарожнага руху, 127 былі нецвярозымі. П’яныя пешаходы паводзяць сябе нелагічна, неасцярожна, падчас агрэсіўна. Таму вадзіцелям трэба быць уважлівымі: спыніцца, аб’ехаць нецвярозага на такой адлегласці, каб той не змог натыкнуцца на аўтамабіль.

– Калі вы бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе нецвярозы вадзіцель, на праезнай частцы знаходзіцца п’яны пешаход або веласіпедыст, які прадстаўляе небяспеку для дарожнага руху, паведамляйце пра гэта ў міліцыю па тэлефоне 102, – папрасіў Аляксей Красікаў.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *