35 гадоў пад ветразем і з “Ветразем”: сябры клуба “Ветразь” танцуюць, спяваюць, граюць, чытаюць

Актуальное Духовность Культура

Сёння я маю мажлівасць выказацца пра наш літаратурны паэтычны клуб “Ветразь” пры Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы і маё з ім жыццё на працягу трох з паловай дзясяткаў гадоў. А гэта – больш за 350 пасяджэнняў.

Гэта 35 імгненняў. Гэта тысячы вершаў, карцін, песень, скульптур, тэатральных пастановак, сотні новых твораў, сустрэч з пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі, кампазітарамі, навукоўцамі, заслужанымі работнікамі культуры, музычнымі калектывамі; гэта дзясяткі прэзентацый зборнікаў вершаў, кніг… Гэта тры калектыўныя зборнікі “Мая Ігуменшчына”.

Кожны месяц – дзве гадзіны любові да Слова, да вершаў, да Паэта і Паэзіі, да кампазітара і музыкі, да рэжысёра і тэатра, да мастака і карцін, да скульптара і скульптуры, да архітэктара і Храма, да артыста і песні… Прыгажосць… Думкі, эмоцыі, пачуцці. Праца душы, якае мацуе цела. І заўсёднае жаданне сказаць… Не прамямліць. А выказацца ўзрушана, эмацыйна, узнёсла, душэўна, кранальна. Каб абудзіць сябе і душы тых, хто побач з табой прыйшоў, каб наталіцца Словам. Словам нашых таленавітых паэтаў, кампазітараў, мастакоў, каб душа не счарсцвела, каб жыць, а не існаваць.

Паэзія – гэта падсвядомая сутнасць чалавечага жыцця. Яна ёсць у кожнага. Паэзія не можа быць толькі сучаснай. Яна ёсць паўсюль і заўсёды. Яна спрадвечная і вечная – неад’емная і непадзельная. Як пеўчая птушка. Паэзія можа звіць гняздо ў душы праведніка і грэшніка, мудраца і вар’ята. Можна разбурыць яе гняздо, але кожны будзе спяваць нават на папялішчы душы…

І яна спявае мне і сябрам клуба “Ветразь” ужо 35 гадоў. Я люблю і захапляюся яе спевам. Клуб даў нам такую магчымасць. Магчымасць паслухаць і пачуць творы, якія дыхаюць воляй, прыгажосцю, стымулююць думкі, натхняюць.

Сябры клуба “Ветразь” танцуюць, спяваюць, граюць, чытаюць. Жывуць вершамі, музыкай, песнямі, стасункамі. Радуюцца.

Паэзія лечыць душу. Можа здымаць боль і супакойваць. Толькі дух апладняе розум, мацуе цела. Каб не плеснелі мазгі, каб працавалі.
“Ветразь” робіць душу крылатай. Ён – наш паэтычны Храм. У вершах – зямное і вечнае, прыгожае і турботнае, узвышанае і будзённае. Чыстая лірыка. Зямное і касмічнае. Клопатны роздум, занепакоенасць, трывога…

Я ўдзячны клубу. Ён узбагачае маю душу, ён мацуе маю прыязнасць да сяброў, аматараў і прыхільнікаў паэзіі.

Клуб “Ветразь” ведаюць не толькі жыхары нашага раёна, а і ўсёй Беларусі, замежжа. Праз інфармацыю ў “Раённым весніку”, праз вядомасць нашых сяброў сваімі творамі, сваімі прафесійнымі і творчымі дасягненнямі, сваім талентам, працай.

Гонар “Ветразя” – яго заснавальнік Галіна Бярковіч, а таксама старшыня клуба Уладзімір Дарагуж, царства яму нябеснае, які кіраваў клубам больш як трыццаць гадоў. Стварыў разам з сябрамі імідж клуба. І я меў найвялікшае шчасце ісці побач з таленавітым творцам, эрудытам, крэатыўным, няўрымслівым, дужа цікавым суразмоўцам, краязнаўцам…

Мая шчырая ўдзячнасць – кіраўнікам клуба Валерыю Захараву і Святлане Ждановіч. Намаганнямі ўсіх іх “Ветразь” жыве і будзе жыць. Паэзія – вечнае. А новыя сябры будуць наведваць клуб з задавальненнем і атрымліваць асалоду, сваю порцыю жыццёвай энергіі.
Жыві, “Ветразь”! З юбілеем цябе!

Уладзімір АДАМОВІЧ,
эксперт клуба
PS. Спадзяюся, што сябры клуба выкажуцца на старонках “Раённага весніка” пра тое, што для іх “Ветразь”.

На здымку: падчас аднаго з пасяджэнняў клуба “Ветразь”.
Фота з архіву Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

АД РЭДАКЦЫІ.
Уладзіміру Паўлавічу Адамовічу споўнілася 80 гадоў. Шчыра віншуем нашага адданага чытача і няштатнага аўтара з шаноўным юбілеем! Зычым здароўя, бадзёрасці, аптымізму і новых творчых поспехаў!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *