Пытанні выканання заканадаўства аб працы разгледжаны на ІV Пленуме Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў АПК

Аграрный сектор Актуальное

Клопаты аб занятасці і заработнай плаце заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі прафсаюзаў. Бо гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі права на працу, а таксама яе годная аплата складаюць аснову жыцця і здароўя чалавека, падмурак сямейнага дабрабыту. Грунтоўны аналіз стану спраў з выкананнем заканадаўства аб працы ў калектывах, работнікі якіх уваходзяць у раённую арганізацыю аграрнага прафсаюза, зрабіла на Пленуме райкама яго старшыня Ларыса Ефіменка.

Выступоўца, у прыватнасці, адзначыла, што праблема парушэння заканадаўства аб выплаце заработнай платы застаецца актуальнай. Гэта пацвярджаюць маніторынгі, якія штомесяц праводзяцца ў арганізацыях і ўстановах, што ўваходзяць у прафсаюз работнікаў АПК. Падчас іх асаблівая ўвага надаецца не толькі пытанням захавання тэрмінаў і перыядычнасці выплаты заробкаў, даплат за працу ў звышурочны час, за шкодныя ўмовы працы, але і прымяненню кантрактнай формы найму, выкананню палажэнняў калектыўных дагавораў і пагадненняў, правільнасці афармлення прыёму, пераводу, звальнення работнікаў, накладання дысцыплінарных спагнанняў.

Ларыса Ефіменка распавяла аб тым, што ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях парушаецца артыкул 77 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб канчатковым разліку пры звальненні работніка. Падобнае становішча – і з выплатай сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку.

Асобна Ларыса Ефіменка спынілася на парушэннях, звязаных з правам работніка на адпачынак. Паводле яе слоў, ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях звышурочныя работы для механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў перавышаюць 180 гадзін у год.

Таксама на Пленуме разгледжаны вопыт работы камісіі па працоўных спрэчках ААТ “Раванічы”. Паводле інфармацыі старшыні прафкама гаспадаркі Тамары Цітавец,  пытанні аб парушэнні правоў работнікаў тут стараюцца ўрэгуляваць, не даводзячы справу да скаргі або звароту ў вышэйстаячыя інстанцыі. А калі гэта не атрымліваецца, у праблеме разбіраецца камісія па працоўных спрэчках.

Пленум прыняў пастанову, у якой ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем наймальнікамі заканадаўства аб працы і калектыўных дагавораў вызначана адным з найважнейшых кірункаў дзейнасці на наступны год.

Падрабязнасці — у газеце “Раённы веснік” за 21 лістапада.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *