Прафілактычная акцыя “Цвярозы вадзіцель” праводзіцца на Чэрвеньшчыне з 27 да 30 лістапада

Актуальное Безопасность

Як распавёў «Раённаму весніку» старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Чэрвеньскага РАУС Аляксандр Манулік, падчас акцыі працуюць рэйдавыя групы з ліку інспектараў ДАІ і прадстаўнікоў іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі. Яны кантралююць стан вадзіцеляў на прадмет алкагольнага ап’янення ля аб’ектаў гандлю спіртнымі напіткамі і забаўляльных устаноў, а таксама месцаў масавага адпачынку.

— Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – адно з самых сур’ёзных парушэнняў Правілаў дарожнага руху, — адзначыў Аляксандр Манулік. — Статыстыка сведчыць, што 5-10 працэнтаў дарожна-транспартных здарэнняў, якія здзяйсняюцца па віне вадзіцеляў, звязана менавіта з гэтым правапарушэннем. Цяжар наступстваў такіх дарожна-транспартных здарэнняў значна вышэйшы ў параўнанні з астатнімі аварыямі. З пачатку года супрацоўнікі ДАІ Чэрвеньскага РАУС затрымалі за кіраванне транспартам у нецвярозым стане 80 вадзіцеляў.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што дзеючым заканадаўствам за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, альбо перадачу права кіравання нецвярозаму, а таксама – за адмову ад праходжання агляду прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на 3 гады і штрафам ад 50 да 100 базавых велічынь.

За паўторнае кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення на працягу года правапарушальнік прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пры гэтым, прадугледжана спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку, якім кіравалі ў стане ап’янення, незалежна ад права ўласнасці.

Калі вы бачыце ці ведаеце, што транспартным сродкам кіруе нецвярозы вадзіцель,, паведамляйце пра гэта у міліцыю па тэлефоне 102. Магчыма, ваша інфармацыя дапаможа папярэдзіць трагедыю.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *